Ажыятаж у медычных установах падчас новай хвалі каронавіруса


Фотаздымкі паліклінік з небывалымі чэргамі бацькоў з дзецьмі літаральна запоўнілі інтэрнэт. Людзі па паўдня чакаюць прыёму дактароў у калідорах і на вуліцы. Шукаючы тлумачэння, «Белсат» датэлефанаваўся ў менскую дзіцячую паліклініку № 16.

«Каментароў праз тэлефон даваць я не буду. Сітуацыя застаецца ў любым выпадку пад кантролем», – заявіла намесніца галоўнага доктара па медычнай частцы Святлана Дзяруга.

Паводле інфармацыі рэсурсаў euroradio.fm і zerkalo.io, прычынаў для ажыятажу ў медычных установах можа быць некалькі: планавыя медагляды школьнікаў, сезонныя хваробы ды патрабаваннямі некаторых школаў мець даведку ад лекара для важкай прычыны пропуску заняткаў.

«З улікам пачатку навучальнага года, а ў прынцыпе восень, так сказаць, планавыя медкамісіі і ідзе вялікі наплыў у паліклінікі: камусьці падпісаць даведку, што ён здаровы, камусьці прыйсці на прыём, бо ён хворы», – зазначае рэаніматолаг Расціслаў Савіцкі.

14 верасня Міністэрства аховы здароўя заявіла пра разгар чацвёртай хвалі каронавіруснай інфекцыі ў Беларусі. Сёння зафіксавала антырэкорд смяротнасці – 13 чалавек. Новых выпадкаў захворвання – амаль 2 тысячы.

«Наша дзяржава можа зрабіць толькі адно: падрыхтаваць ложкамесцы, ложкавы фонд. Яны альбо разварочваюць нейкія новыя ложкі ці рыхтуюць нейкія больніцы для перапрафілявання для прыёму каронавірусных пацыентаў», – кажа Расціслаў.

Тым часам Сусветная арганізацыя здароўя прыпыніла ўхваленне расейскай вакцыны «Спутнік V», якім прышчэпліваюцца ў Беларусі, пакуль не пацвердзіцца адпаведнасць стандартам вытворчых практык.

«У час праверкі адной з фабрык, якая з’яўляецца часткаю вытворчасці «Спутніка V», выявілася, што яна не адпавядае новай практыцы вытворчасці», – падкрэсліў доктар Жарбас Барбоса.

На думку Расціслава Савіцкага, у пытанні вакцынацыі «Спутнікам» афіцыйныя ўлады наўрад ці будуць зважаць на рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі здароўя. Каб не захварэць, лекар нагадвае, як важна прытрымлівацца правілаў прафілактыкі: захоўваць бяспечную дыстанцыю, мыць рукі ды насіць маскі ў грамадскім месцы.

Марыля Дакуцька, «Белсат»