Марскія дроны, поспехі на фронце і ўзмацненне межаў: што адбываецца ва Украіне


Служба бяспекі Украіны апавяла, чым атакавала Крымскі мост і расейскія караблі. Расея, не зважаючы на санкцыі, здабывае імпартныя кампаненты для ракетаў. Украіна ўмацоўвае мяжу з Беларуссю. ЗСУ набліжаюцца да галоўнай лініі абароны акупантаў.

За ўдарамі па Крымскім мосце і расейскіх караблях стаіць СБУ – апавялі працаўнікі спецслужбы журналістам «CNN». Гэта элемент інфармацыйнай вайны, бо ад амерыканскага тэлеканалу навіна разляціцца хутчэй, мяркуе палітолаг Пятро Алэшчук.

«А таксама, каб пацвердзіць, што гэтая барацьба можа быць паспяховай і ўкраінцы не толькі разлічваюць на амерыканскую дапамогу, але і самі актыўна дзеюць», – кажа Пятро Алэшчук.

СБУ апублікавалі і відэа марскіх дронаў украінскай вытворчасці, якімі, імаверна, наносіліся ўдары. Кожны мае 850 кілаграмаў выбухоўкі.

У расейскіх ракетах Ха-101, якімі ўчора нанеслі ўдары па Украіне, знайшлі 30 замежных мікрасхемаў – заявіў кіраўнік Офісу прэзідэнта Украіны Андрэй Ермак. Ракеты «свежыя» – іх вырабілі сёлета ў красавіку. То бок расейскі ваенпрам дастае заходнія дэталі, абыходзячы санкцыі. Іх трэба ўзмацняць – мяркуе Ермак.

«Напэўна, адзіны эфектыўны метад – прыцягненне да адказнасці канкрэтных фірмаў, якія гэтым займаюцца. Відавочна, акрамя фірмаў-пракладак ёсць і канкрэтныя дастаўцы, якія павінны нейкім чынам за гэта адказваць», – мяркуе Пятро Алэшчук.

А тым часам украінскія войскі выбілі акупантаў з Уражайнага на Данеччыне – паведамляе Міністэрства абароны Украіны. ЗСУ наблізіліся да асноўнай лініі расейскай абароны.

«Уражайнае было ключыкам да выхаду на асноўную лінію ў раёне Старамлынаўкі. Без вызвалення Уражайнага было немагчыма рухацца да асноўнай лініі. Расейцам былі адрэзаныя шляхі падыходу-адыходу, яны ўцякалі з Уражайнага, адкрыўшы нам левы фланг. Далей можна разгортвацца, зачышчаць плацдарм», – тлумачыць палкоўнік запасу ЗСУ Раман Світан.

Працягваюць узмацняць межы Чарнігаўскай і Харкаўскай вобласцяў з Беларуссю і Расеяй. На гэтыя мэты ўкраінскія ўлады вылучаць 35 мільёнаў долараў. Аднак пагрозы ўварвання з Беларусі няма, умацаванне мяжы планавае, на дзясяткі гады наперад – кажа Раман Світан.

«Яна будзе ўмацоўвацца аналагічна з лініяй фронту: будуць і мінныя палі, замінаваныя танканебяспечныя кірункі, будуць узводзіцца фартыфікацыйныя збудаванні», – распавёў Раман Світан.

Беларускія вайскоўцы, аналізуючы сітуацыю, заявілі, што ў будучыні размінаванне памежных тэрыторыяў з боку Украіны можа зацягнуцца на нявызначаны тэрмін.

Валянцін Васіленка, «Белсат»