Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы: літоўцы сталі ўдвая часцей ездзіць у Беларусь


Без візы ў Беларусь. Такую магчымасць рэжым Лукашэнкі ўвёў для грамадзянаў Літвы, Латвіі ды Польшчы яшчэ летась. А сёлета – працягнуў. Літоўская служба аховы мяжы распавяла, колькі іх грамадзянаў сёлета скарысталі бязвіз ад Лукашэнкі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Паводле інфармацыі літоўскай службы аховы дзяржаўнай мяжы, за першыя 5 месяцаў гэтага года ў Беларусь ездзілі ў два разы больш літоўцаў, як летась за той жа час. І гэта нягледзячы на тое, што літоўскія ўлады неаднаразова папярэджвалі сваіх грамадзянаў пра небяспеку, што іх чакае ў Беларусі.

Усяго сёлета бязвізам ад Лукашэнкі скарысталіся больш за 164 тысячы грамадзянаў Літвы. Большасць едзе да сваякоў і знаёмых, па нібыта танныя харчы, безрэцэптурныя лекі, алкаголь і цыгарэты, а таксама паліва. Такія шопінг-туры асабліва папулярныя сярод жыхароў памежных рэгіёнаў, яны найчасцей мінаюць мяжу на роварах.

«Ну, увогуле на ровары проста хутчэй перабрацца праз мяжу. Таму некаторыя літоўцы проста прыязджаюць, садзяцца на ровар і едуць у Беларусь, а потым вяртаюцца», – расказвае Сяргей, які ўжо больш за год жыве ў пратэстным лагеры на мяжы.

Бязвіз для грамадзянаў Літвы, Латвіі ды Польшчы Лукашэнка ўвёў летась у красавіку, сёлета працягнуў. Прычым гэтыя краіны ў Менску адкрыта называюцца «несяброўскімі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Памежныя слупы Беларусі і Літвы.
Фота: Delfi.lt

«Ёсць знаёмыя, якія ездзяць шмат, але я сама не езджу, ні муж, ні мама. Я неяк не бачу сэнсу туды ездзіць. Хтосьці кажа, што там танней прадукты, але мы туды не ездзім ні за палівам, ні за прадуктамі», – распавяла жыхарка памежнай вёскі.

«Колькі я там была, мне тамака вольна. Я хаджу, дзе хачу, што хачу, тое і раблю. Тое, што мне трэба», – сцвярджае яе суседка.

Міністэрствы замежных справаў суседніх краінаў рэгулярна заклікаюць сваіх грамадзянаў устрымацца ад паездак у Беларусь, папярэджваюць пра імаверныя правакацыі лукашэнкаўскіх спецслужбаў і спробы вербавання.

«Там няма ніякай прававой сістэмы, дзе кожны чалавек можа сябе абараніць. Кожнага чалавека могуць абвінаваціць у крымінальных справах, пасадзіць», – кажа літоўскі дэпутат Томас Тамілінас.

Міністэрствы замежных справаў Літвы, Латвіі ды Польшчы таксама нагадваюць сваім грамадзянам пра рэпрэсіі, якія рэжым Лукашэнкі чыніць супраць грамадзянаў Беларусі, а таксама пра датычнасць рэжыму да ваеннай агрэсіі Расеі ва Украіне.

Святлана Кубрак, «Белсат»