Палітычныя чысткі адбываюцца на «Віцебскэнерга»


У філіялах прадпрыемства «Віцебскэнерга» – палітычныя чысткі. Чыноўнікі адкрыта прызнаюць, што звальняюць апанентаў дзейнай улады, якія маюць пакаранні паводле Адміністратыўнага або Крымінальнага кодэксу. Адкуль такое беззаконне?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Карыстаюцца дэструкцыйнымі матэрыяламі, робяць рэпосты і пішуць негатыўныя каментары», – у гэтым чыноўніца Вольга Гарбадзей публічна абвінаваціла працаўнікоў Лукомскай дзяржаўнай раённай электрастанцыі.

«За гэтыя дзеянні асобныя з іх ужо прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці. На іншых накладзеныя адміністратыўныя спагнанні ў выглядзе арышту або штрафу. І як вынік – працоўныя адносіны з такімі асобамі спыненыя», – заявіла намесніца дырэктара «Віцебскіх электрычных сетак» Вольга Гарбадзей.

Гэтым самым яна пацвердзіла тое, што і так усе ведалі, але ніхто не казаў услых: на большасці, калі не на ўсіх, дзяржаўных прадпрыемствах і ўстановах з 2020 года праходзяць масавыя палітычныя звальненні.

«Напэўна, яна першая, хто так выказаўся проста. Ёй проста толькі за яе выказванне можна 130-ы артыкул прышыць, бо дыскрымінацыя суцэльная проста. Ніхто, нават ідэалогія, што ўдзельнічае ў гэтых рэпрэсіях, увогуле адкрыта не выказваецца. Спрабуюць хаваць, што ўвогуле такое адбываецца», – лічыць прадстаўнік «Рабочага руху» Аляксандр Сакалоў.

Толькі ў красавіку за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў былі асуджаныя прынамсі пяцёра працаўнікоў Лукомскай ДРЭС. Паводле праваабаронцаў, трое былі пакараныя дваццаццю соднямі арышту, а двое – штрафамі. Лік звольненых з Лукомскай ДРЭС ідзе на дзясяткі, сцвярджаюць праваабаронцы «Віцебскай вясны». Маўляў, спачатку працаўнікам, якіх залічылі ў ідэалагічна нядобранадзейныя, прапануюць напісаць заяву пайсці з працы на ўласнае жаданне.

«Калі чалавек не пагаджаецца, то яму проста прыпісваюць нейкія правіны, гэта можна зрабіць цягам некалькіх дзён, была б толькі задача. І чалавека звальняюць. Таму звальненне ніколі не праходзіць і нідзе не напісана, што чалавека звольнілі паводле палітычнай прыкметы – не, яго звольнілі паводле нейкіх надуманых прычынаў», – тлумачыць прадстаўнік «Свабоднага прафсаюзу Беларускага» Дзяніс Садоўскі.

Масавыя звальненні адбыліся і ў іншым філіяле «Віцебскэнерга» – у «Глыбоцкіх электрычных сетках». У сакавіку адтуль звольнілі адразу пад 30 асобаў, паведамляе «Віцебская вясна». У іншым філіяле «Віцебскэнерга» – таксама звальненні.

«Вядома мінімум 20 прозвішчаў, усе – кіраўнікі малодшага і сярэдняга звяна», – цытуе партал «zerkalo.io» ананімную крыніцу.

«Звальненне гэтай катэгорыі працаўнікоў значнага ўплыву на вытворчы працэс не аказвае. У нас створаны дастатковы кадравы рэзерв для бесперабойнай працы», – дадала намесніца дырэктара «Віцебскіх электрычных сетак» Вольга Гарбадзей.

Пацвердзіць або зняпраўдзіць словы чыноўніцы мы паспрабавалі непасрэдна ў аддзеле кадраў прадпрыемства, дзе нам пракаментавалі сітуацыю наступным чынам:

«Я далей не маю права з вамі размаўляць. Вам неабходна пазваніць у прыёмную для вырашэння такіх пытанняў, вы маеце права дачыняцца толькі з нашым дырэктарам. Карніловіч Вадзім Мікалаевіч».

У сваю чаргу дырэктар «Віцебскіх электрычных сетак» Вадзім Карніловіч даў такі адказ:

«Ролік, які вы згадваеце, я асабіста не глядзеў і пракаментаваць не магу. Што датычыць нашай размовы, то можаце прыйсці на прыём асабіста і запытацца, пры прадастаўленні вашых дакументаў мы тады разгледзім пытанне».

Масавыя палітычныя звальненні на «Віцебскіх электрычных сетках» не пройдуць бясследна ні для прадпрыемстваў, ні для насельніцтва, што спажывае электраэнергію, мяркуе Аляксандр Сакалоў:

«Звальненні кваліфікаваных спецыялістаў носяць эфект назапашвання. Так аднаго-двух-трох звольніш адразу – гэта не будзе заўважна. Але паступова кадравы голад будзе назапашвацца і будзе нястача досведу і прафесіяналізму гэтых працаўнікоў. Гэта адназначна вылезе і дасца ў знакі ў які-небудзь момант».

Калі чалавека звольнілі з дзяржаўнага прадпрыемства за палітыку, у яго застаюцца тры варыянты: або ісці да прыватніка, або з’язджаць за мяжу, або ўладкоўвацца на нізкааплатную некваліфікаваную працу. Варыянт абскардзіць звальненне або ўладкавацца на іншую дзяржаўную працу ў сённяшніх рэаліях – проста немагчымы.

«І калі гэта выходзіць на палітычны ўзровень, то ў Беларусі, на жаль, на гэтым этапе мы ў судзе нічога даказаць не зможам, бо судоў няма і суды праходзяць проста з указкі. Таму тут можам толькі параіць чалавеку дзейнічаць паводле сітуацыі», – кажа Дзяніс Садоўскі.

Калі ёсць смеласць і воля, то можна звярнуцца ў незалежны прафсаюз – там дапамогуць юрыдычна правільна скласці ўсе скаргі для звароту ў суд. Гарантыі, што суд стане на бок працаўніка, ніхто не дае. Хутчэй, наадварот, гарантуюць адсутнасць незалежнага і справядлівага суда.

Аліна Скрабунова, «Белсат»