Чый Марк Шагал? Чаму ён не можа быць расейскім?


Варшава, Нацыянальны музей. Сярод больш чым сотні найкаштоўнейшых твораў мастацтва, што цяпер можна пабачыць на адмысловай выставе, – карціны Марка Шагала. У музейных апісаннях побач з палотнамі няма пазнакі пра нацыянальную прыналежнасць творцы. Але на іншых выставах часта можна сустрэць надпіс: «Марк Шагал. Нарадзіўся ў Расеі».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Назваць яго расейскім мастаком, улічваючы, што ён хоць і быў з Расейскай імперыі і савецкай Расеі, але жыў на тэрыторыі Беларусі, не выпадае. Бо тут відавочна, што ён – пясняр беларускага габрэйства», – патлумачыў гісторык Аляксандр Пашкевіч.

Любоў да роднага Віцебску, які стаў беларускім толькі ў 1924 годзе, Марк Шагал захаваў на ўсё жыццё. У сваім лісце «Майму гораду Віцебску» у 1944 годзе ён пісаў:

«…Я жыў далёка ад цябе, але ў кожнай маёй карціне адчуваецца твой подых, кожная з іх навявае ўспамін пра цябе».

На думку блогера і аўтара каналу «Около культуры» Мікіты Моніча, гэта таксама падкрэслівае сувязь мастака з Беларуссю:

«Трэба глядзець на тое, што ён рабіў. Ён маляваў горад, які мы лічым сваім. Мабыць, таму лепей лічыць яго беларускім. Ці варта лічыць? Ва ўсялякім разе, нам, беларусам, карысна лічыць Шагала беларускім. Бо карысна, калі ў нацыі ёсць геніяльныя, паспяховыя, сусветна вядомыя мастакі».

Сёлета Беларуская рада культуры распачала кампанію адвакацыі «#art_born_Belarus». Людзей прасілі не толькі дасылаць прыклады музейных апісанняў, у якіх ніяк не адзначаная Беларусь, але і дасылаць у адпаведныя ўстановы лісты з пратэстамі і просьбай змяніць некарэктны подпіс.

«Мы хочам перадусім расказаць свету, якія выдатныя, выбітныя творцы былі з Беларусі. Так, яны часта атрымлівалі адукацыю і ажыццяўлялі свой кар’ерны поспех за межамі краіны. Але яны – наш культурны генафонд, яны – носьбіты нашага культурніцкага коду», – адзначыў дырэктар у справе культурніцкай дыпламатыі Беларускай рады культуры Аляксандр Чахоўскі.

Прадказальна, што большасць прыкладаў, атрыманых Беларускаю радаю культуры, звязаныя менавіта з Маркам Шагалам.

«Марк Шагал для нас – такі ўмоўны таран, лідар гэтай кампаніі, а за ім мы падцягваем яшчэ прыблізна 47 мастакоў у межах гэтай кампаніі “#art_born_Belarus”», – дадаў Аляксандр Чахоўскі.

У гэтым плане паказальны ўзор украінцаў. Сёлета ў Мэтраполітан-музеі ў Нью-Ёрку, у тым ліку дзякуючы зваротам, пры карцінах Рэпіна і Куінджы з’явіліся подпісы «ўкраінскі мастак» замест – «расейскі». Спадзяёмся, неўзабаве і пад палотнамі Шагала зʼявіцца: «Нарадзіўся ў Беларусі».

Ірына Юрʼева, «Белсат»