Польшча і Літва ўзяліся за цыгарэтных кантрабандыстаў


У Польшчы затрыманыя 18 чалавек, 7 з іх з’яўляюцца працаўнікамі мытні. Прычына – удзел у пастаўках нелегальных цыгарэтаў з Беларусі. Да таго ж ад сёння ў Літве прыпыняе працу чыгуначны пункт пропуску «Стасілы». І прычына падобная – кантрабанда тытуню. Ці праблема настолькі абвастрылася, што суседзі Беларусі мусяць прымаць такія захады?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Удзел у злачыннай групе і атрыманне ўзнагароды памерам не менш за 400 тысяч еўраў інкрымінуюць 7-мі працаўнікам памежнага пераходу «Баброўнікі». Мытнікі арыштаваныя на тры месяцы да суда. Усяго ў гэтай справе затрымалі 18 чалавек. Пры ператрусе ў арганізатара злачыннай групы знайшлі 190 тысяч злотых, 95 тысяч еўраў і 6 кілаграмаў золата.

«Арганізаваная група дзеяла на тэрыторыі Падляскага і Мазавецкага ваяводстваў у 2020–2021 гадах і займалася кантрабандай тытунёвых вырабаў з Беларусі ў Польшчу. У склад групы ўваходзілі грамадзяне Польшчы. Яны адказвалі за транспартаванне вырабаў», – паведаміў афіцэр Памежнай аховы Польшчы.

Гэта найбуйнейшая ў гісторыі кантрабанда з Беларусі ў Польшчу: за 2 гады ў суседнюю краіну завезлі амаль дзевятнаццаць мільёнаў пачкаў цыгарэт. Страты ад дзейнасці арганізаванай групы ацэньваюць на суму больш за 98 млн долараў. Усяго, паводле звестак кампаніі KPMG, толькі ў Польшчу кантрабандысты завезлі каля мільярда цыгарэтаў.

«У мінулым годзе абʼём кантрабанды склаў каля 15 мільярдаў штук цыгарэт, асноўная частка была вывезена ў Расею, таксама нямала было вывезена ў ЕЗ – Літва, Польшча, Брытанія і інш. Што тычыцца грошай, можна казаць, што гэта сотні мільёнаў долараў штогод», – сказаў журналіст Беларускага расследавальніцкага цэнтру Алесь Ярашэвіч.

Літва ад сёння закрывае чыгуначны пункт пропуску «Стасілы» для грузавых цягнікоў. Звязана гэта з адсутнасцю на станцыі рэнтгенаўскай сістэмы нагляду, якая б зрабіла кантрабанду тытунёвых вырабаў немагчымаю. А летась менавіта тут работнікі мытні выявілі больш за два з паловаю мільёны пачкаў нелегальных цыгарэтаў, якія вывозіліся акурат чыгункаю.

«Літва спыняе вагоны, якія вязуць угнаенні. У гэтых вагонах тысячы блокаў з цыгарэтамі і вязуць іх у вагонах «Гроднаазота» ці «Беларуськалію». І гэтыя блокі трэба ж туды засунуць, а загрузка адбываецца на тэрыторыі самога прадпрыемства. Таму, я думаю, без удзелу работнікаў саміх прадпрыемстваў, або кіраўніцтва, мне не бачацца гэтыя схемы», – падкрэсліў Ярашэвіч.

«Калі вытворчасць вядзецца ў прамысловых маштабах, значыць як мінімум людзі на прадпрыемствах павінны разумець, куды гэта ўсё ідзе. Хто канкрэтна з гэтага зарабляе – пытанне больш да спецыялістаў ды праваахоўных органаў», – дадаў эканаміст Аляксей Харкевіч.

Адным з галоўных гульцоў на рынку тытунёвых вырабаў у Беларусі ёсць кампаніі «Энерга-Оіл» і «Інтэр Табакка», кіраўніком якіх выступае ўладальнік сумна вядомых «Табакерак», мільянер Аляксей Алексін. Часта яго называюць гаманцом Лукашэнкі.

Андрэй Сульжыц «Белсат»