У Давосе адбываецца Сусветны эканамічны форум


Вайна, развязанне энергетычнага крызісу, засцярогі рэцэсіі. Гэтыя тэмы – у фокусе ўвагі на Сусветным эканамічным форуме, які вітае Давос. Мэта падзеі – знайсці агульнымі намаганнямі ключ для развязання глабальных праблемаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Няма сумневаў, што нашая 53-я штогадовая сустрэча ў Давосе адбудзецца на самым складаным за апошнія дзесяцігоддзі геапалітычным і геаэканамічным фоне, – лічыць прэзідэнт Сусветнага эканамічнага форуму Бёрге Брэндэ. – Так шмат стаіць на коне. Як мы можам пазбегчы глабальнай рэцэсіі, рэзкага росту коштаў на энергію і харчы? А таксама як пазбегчы далейшай эскалацыі сусветнага крызісу».

Вайна, якую развязала Расея, датычная ледзьве не да ўсіх праблемных тэмаў сёлетняга форуму. Дэлегацыі з краіны-агрэсара не будзе ў Давосе другі год запар. Затое адчыніў свае дзверы Украінскі дом. Там праходзіць выстава, якая паказвае вусцішныя падрабязнасці зверстваў расейскіх войскаў і нагадвае пра патрэбу Украіны ў заходнім узбраенні.

«Мы хацелі прадэманстраваць, што менавіта цяпер адбываецца ва Украіне. Мы хацелі паказаць, якая жудасная вайна трывае, як наш народ змагаецца, і мы хацелі звярнуцца да міжнароднай супольнасці па дапамогу, якая нам патрэбная», – кажа сябра аргкамітэту Украінскага дому ў Давосе Святлана Грыцэнка.

Ёсць і тыя, хто не верыць у пазітыўныя вынікі форуму. Напярэдадні яго адкрыцця дэманстранты выйшлі на вуліцы Давосу. А купка актывістаў заблакавала прыватны джэт проста ў аэрапорце.

«Важна быць тут, каб паказаць, на чым палягаюць праблемы Сусветнага эканамічнага форуму, – упэўнены пратэстоўца Кляўдыё Бэрнгард. – Мы бачым, што форум запрашае шмат кампаніяў, якія наносяць шкоду, якія не прызнаюць правоў чалавека, якія разбураюць клімат, і мы пратэстуем супраць гэтага. Тут, на Сусветным эканамічным форуме, таксама ёсць дыктатуры. І так, мы не верым, што на гэтым форуме народзіцца лепшы і больш дэмакратычны свет».

Сёлета на Давоскім форуме будзе рэпрэзентаваная беларуская грамадзянская супольнасць і бізнес. Святлана Ціханоўская возьме ўдзел у дыскусіях на тэму «Дзеля абароны Еўропы» і распавядзе пра ролю жанчын у беларускім пратэсце і грамадзянскай супольнасці. Да таго ж яна правядзе шэраг двухбаковых сустрэчаў.

Гэтаксама адбудзецца адмысловая дыскусія, прысвечаная праблемам беларускіх прадпрымальнікаў за мяжою. Закрануць у тым ліку пытанні банкаўскага абслугоўвання, візаў, легалізацыі ды іншыя.

Ян Федаровіч, «Белсат»