У Беларусі растуць цэны на прадукты


Колькі не стрымлівай, але росту цэнаў не пазбегчы. Каманда «стоп» працуе не вечна. І інфляцыйныя працэсы, паводле прагнозаў экспертаў, у 2024 годзе могуць вельмі моцна паскорыцца. Да чаго прыводзіць барацьба з цэнамі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Колькі цэнаў не стрымлівай і эканоміцы не загадвай, лічбы на цэнніках растуць. Паводле афіцыйнай статыстыкі – у сярэднім на чатыры адсоткі за мінулы месяц. У лідарах – цэны на гародніну, яны павялічыліся на чвэрць. І гаворка не толькі пра традыцыйнае сезоннае падаражэнне. Гэтак, таматы ў кастрычніку сталі даражэйшымі на дзве траціны, у параўнанні з вераснем. Летась у той жа час года цэны падняліся толькі адсоткаў на дзесяць.

Як кажа аглядальніца Таццяна Каліноўская, такі рост адбыўся з-за таго, што ў не сезон таматы вязуць з-за мяжы, а на сённяшні дзень разарваныя самыя танныя шляхі дастаўкі. Таму можна чакаць, што і далей імпартныя тавары будуць даражэць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Камароўскі рынак. Менск, Беларусь. 24 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

Лукашэнка падпісаў дырэктыву пра недапушчальнасць росту цэнаў на спажывецкім рынку больш за год таму. І падавалася нават, што ручное кіраванне мае свой плён. Так, у верасні быў рэкордна нізкі інфляцыйны паказнік – каля двух адсоткаў. Але агулам за апошні год чэк за адзін і той жа набор тавараў у адной і той жа краме вырас амаль на пятнаццаць адсоткаў.

Доўга стрымліваць цэны вельмі складана, кажа Таццяна Каліноўская. Найперш з тых прычынаў, што беларуская эканоміка функцыянуе цяпер на старых запасах, на старым патэнцыяле. Трэба запчасткі, абнаўленне, інвестыцыі, замежнае абсталяванне.

Пра непазбежны рост цэнаў на паслугі тавары папярэджвалі нават у Мінэканомікі. У жніўні ведамства прагназавала, што інфляцыя па выніках года сягне сямі адсоткаў.

Дамініка Кунцэвіч, «Белсат»