3 гады мінула з затрымання Каці Андрэевай і Дар'і Чульцовай


15 лістапада 2020 году адбылася акцыя памяці Рамана Бандарэнкі. Дзеянні сілавікоў у той, 99-ты дзень пратэстаў, такія ж, як і ў папярэднія: збівалі, затрымлівалі, закідвалі ўдзельнікаў святлошумавымі гранатамі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Сёння я ад раніцы кожную гадзіну гляджу на час, таму што я пражываю гэты дзень па гадзінах. Вось зараз 10:14, зараз мы ўжо едзем з Кацяй на працу», – узгадвае той дзень журналістка Дар’я Чульцова.

Нашыя каляжанкі – Дарʼя Чульцова і Кацярына Андрэева – з месца падзеяў вядуць стрым. Сілавікі шукалі журналістак у тым ліку з дапамогаю дронаў. Кіберпартызаны атрымалі гэтае відэа і перадалі «Белсату». Пасля заканчэння акцыі дзяўчат затрымалі. Спецназаўцы са зброяй выламалі дзверы ў шматпавярховіку на Сморгаўскім тракце, адкуль журналісткі вялі стрым.

«У РУУС яны чамусьці вырашылі змясціць нас у адзін кабінет. Там следчы пачаў нам казаць, што мы паедзем у калонію “мянтам шыць кашулі”», – працягвае Дар’я.

Спачатку Кацю і Дашу пакаралі сямю соднямі арышту, а пазней завялі крымінальную справу за арганізацыю і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак. Падтрымаць журналістак на суд прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек. Журналістаў у залу суда не пускалі.

«Мяне не ведалі ў твар. Я сказаў, што я блізкі сябар і мяне пусцілі. Была атмасфера вялікай салідарнасці. Людзі стаялі ў калідоры, людзі чакалі каля дзвярэй суда. Усе чакалі, як пойдзе працэс і імкнуліся ўсяляк падтрымаць Дашу і Кацю», – распавёў былы кіраўнік навінаў на «Белсаце» Зміцер Ягораў.

Кацярыну і Дар’ю прызналі вінаватымі ў тым, што ў жывым эфіры «праз агучванне інфармацыі» яны ажыццяўлялі «збор актыўных удзельнікаў, якія груба парушылі грамадскі парадак». Вырак – два гады пазбаўлення волі.

Чацвёрты дзень суда над журналісткамі Белсату. Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай вынеслі прысуд. Ім прысудзілі два гады ў калоніі агульнага рэжыму. Менск, Беларусь. 18 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

«Журналісты не арганізоўвалі пратэсты, не выводзілі людзей. Але журналісты, безумоўна, пісалі важныя інфармацыйныя матэрыялы ў 2019-2020 годзе. Каронавірус, выбарчая кампанія і іншыя тэмы не маглі пакідаць грамадства абыякавым», – заявіў намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

Адказную палітычную справу даверылі 23-охгадовай памочніцы пракурора Аліне Касьянчык. Да гэтага яна між іншага адзначылася выракам два гады калоніі за надпіс «Не забудзем» ля станцыі метро «Пушкінская» – на месцы забойства Аляксандра Тарайкоўскага. За адданую працу Касьянчык атрымала павышэнне і падзяку ад Лукашэнкі. Зміцер Ягораў кажа, што абсурднасць абвінавачванняў журналісткам была ясная і самой маладой пракурорцы.

«Я перакананы, што дзяржаўны абвінаваўца і суддзя разумелі, што яны ідуць на злачынства, што яны неправамоцна абвінавачваюць Кацю і Дашу ў гэтых крымінальных злачынствах. Гэта было ім зразумела, гэта было бачна па іх усмешках, выразах твару, па тым абсурдзе, які адбываўся ў судзе», – дадае Зміцер Ягораў.

Крымінальная справа Дашы і Каці – адна з першых супраць журналістаў пасля пачатку пратэстаў. Яна дала старт поўнаму зачышчэнню незалежнага інфармацыйнага поля краіны.

«З 2020-га па сённяшні дзень, я думаю, што каля 400 нашых калег прайшлі праз рознага роду рэпрэсіі. Прычым ёсць людзі, якія па некалькі разоў траплялі за краты, цярпелі ператрусы. Гэта мы бяром толькі апошнія 3 гады», – паведаміў Барыс Гарэцкі.

Сёння за кратамі застаюцца 33 работнікі медыяў. Сярод іх – і Кацярына Андрэева, летась гэтак званы суд прызначыў ёй 8 гадоў і 3 месяцы калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму за «здраду дзяржаве».

Андрэй Сульжыц, «Белсат»