Прапагандысты: «Незалежная палітыка Рэспублікі Беларусь сталася прычынай гібрыднай вайны з боку Захаду»


«Гісторыя беларускай дзяржаўнасці – аснова грамадзянска-патрыятычнага выхавання насельніцтва». Пад такім загалоўкам сайт Менгарвыканкаму апублікаваў «матэрыялы для інфармацыйна-прапагандысцкіх групаў», якія мусяць тлумачыць беларусам цяперашнюю палітыку дзяржавы, а таксама яе гісторыю. У тэксце гаворыцца, што матэрыялы падрыхтаваныя Акадэміяй кіравання пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь на аснове адкрытага ўроку, які першага верасня правёў Лукашэнка. А таксама на аснове матэрыялаў дзяржаўных медыяў і Акадэміі навук.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Незалежная палітыка Рэспублікі Беларусь сталася прычынай гібрыднай вайны з боку Захаду». Гэткім сцверджаннем прапагандысты-ідэолагі пачынаюць сваё апавяданне.

«Усё ізноў завязваецца на Расею, на “русский мир”, на вялікага суседа. На тое, што без Расеі фактычна пражыць няможна, а ўсе вакол ворагі. Толькі вось Расея і Беларусь адзіныя. А галоўны вораг у іх цяпер Украіна. Таму што Украіна якраз і змагаецца вось з гэтым агрэсарам, з гэтым “русским миром”», – кажа былы дэпутат Вярхоўнага Савету і публіцыст Сяргей Навумчык.

Сапраўды, з усіх так званых ворагаў беларускага рэжыму Украіне дастаецца самай першай. На меркаванне аўтараў тэксту, ва Украіне адбыўся раскол.

«Мы бачым, як маніпуляванне ключавымі падзеямі мінулага здольнае выступіць магутнай прыладай расколу ў грамадстве. Самы яркі прыклад – цяперашняя Украіна», – пішуць на сайце Менгарвыканкаму.

Аднак па выніках апытання, праведзенага сацыялагічнай групай «Рэйтынг» 18 сакавіка 2022 года, 77 адсоткаў апытаных украінцаў казалі, што справы ва Украіне ідуць у правільным кірунку. І толькі 14 адсоткаў адказалі, што Украіна выбрала няправільны шлях.

Далей традыцыйна дасталася Польшчы:

«Мы павінны прыгадаць найперш тое, што было зроблена Расейскай імперыяй у XVII стагоддзі, калі кожны другі беларус быў знішчаны. Праўда, тут ужо трэба казаць не пра этнацыд, а пра генацыд», – напісана ў матэрыяле для інфармацыйна-прапагандістскіх груп.

Таксама аўтары дакументу прыгадваюць трыццатыя гады мінулага стагоддзя. Яны сцвярджаюць, што «ў мястэчку Бяроза-Картузская дзеяў канцлагер, рэжым у якім, цытата, не саступаў варварскім парадкам у канцлагерах нацысцкай Нямеччыны».

«Параўноўваць Бярозу-Картузскую з нямецкімі канцлагерамі гэта наогул няправільна. Гэта не было добрым месцам для жыцця. Гэта была турма. Турма, у якую саджалі людзей, супернікаў урада Польшчы», – мяркуе доктар сацыялагічных навук Петр Касцінскі.

Падобнае меркаванне і ў беларускага гісторыка Алеся Пашкевіча:

«Вядома таксама, што існаванне гэтага лагеру не робіць гонару польскім уладам, вядома, што там былі дастаткова суровыя парадкі. Аднак ставіць яго на адзін узровень з нацысцкімі канцлагерамі ці нават савецкімі канцлагерамі, пра якія зусім не згадваецца ў гэтых матэрыялах, – гэта факт яўнага цынізму».

Не абмінулі аўтары матэрыялаў для інфармацыйна-прапагандысцкіх групаў і тэмы Беларускай Народнай Рэспублікі. На іхнае меркаванне, БНР не была дзяржаваю, а вось БССР – была.

Алесь Пашкевіч лічыць па-іншаму:

«БССР таксама не была дзяржавай. Гэта было цалкам падкантрольнае Маскве ўтварэнне. Якое мела пэўныя прыкметы дзяржаўнасці, але аж да самага 1991 года, пакуль не распаўся Савецкі Саюз, ніколі БССР не мела самастойнасці дзяржаўнай, нават уваходзячы пасля Другой сусветнай вайны ў ААН».

З публікацыяй метадычкі супаў выхад яшчэ аднаго прадукту ідэалогіі і прапаганды. Выйшаў падручнік гісторыі беларускай дзяржаўнасці для ВНУ аўтарства чальца Палаты прадстаўнікоў, праўладнага гісторыка Ігара Марзалюка.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»