Фестываль абуджаных беларусаў «Тутака» на Беласточчыне


Беларуская культура межаў не мае. Лясная паляна Борык каля мястэчка Гарадок, што на Падляшшы, стала пляцоўкай для ўсебеларускага пікніка ў межах фестывалю «Тутака». Паглядзець і паслухаць тое, што сёння прэзентуе нашая незалежная культура, можна ўсяго за пятнаццаць кіламетраў ад мяжы з Беларуссю.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Месца легендарнае. Я сама сюды прыязджала як студэнтка аўтастопам яшчэ на Басовішча. І вельмі радая, што гэта месца жыве далей. Яно паказвае, што Беларусь змяняецца, беларусы змяняюцца, але пэўныя гісторыі, пэўныя традыцыі застаюцца. І гэта тое, што мы павінны паважаць і ахоўваць», – сказала прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе нацыянальнага адраджэння Аліна Коўшык.

Роўна пасярэдзіне лета ў намётавым лагеры, у лесе побач з возерам, гасцей чакаюць забавы на любы густ. Майстар-класы, гульні і чытанні для маленькіх, бізнес-канферэнцыя, кірмаш з сувенірамі ад вядомых майстроў, выстава беларускіх ініцыятываў, спартовыя гульні, тэатральныя спектаклі для дзяцей і дарослых. Ну і галоўнае – музычны фэст. Сёлета для публікі зайгралі «Дай Дарогу», «Dzieciuki», Uladzimir Puchač, Papa Bo Selektah ды іншыя выканаўцы.

«Мне тут вельмі хочацца прасякнуцца вялікай колькасцю беларусаў. Як казала Марыя Калеснікава, калі шмат класных людзей збіраецца ў адным месцы – будзе класная атмасфера», – падкрэсліў журналіст Аляксандр Івулін.

«Табе неяк становіцца добра на душы, таму я тут, сярод сваіх родных беларусаў. Мне файна», – спявачка Маргарыта Ляўчук.

У імпрэзах паўдзельнічала шмат беларускіх селебрыці.

«Трэба, канешне, правесці праверку. Я ўпэўнены, што няма тут пажарных ізвешчацелей на дрэвах і камер наблюдзенія. А варта было б», – пажартаваў актор Міхась Зуй.

У складзе ганаровага камітэту фестывалю – абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская. Адным з найважнейшых момантаў фестывалю стала акцыя салідарнасці з палітвязнямі. На белых стужках кожны ахвочы мог напісаць імя зняволенага.

«Вельмі хочацца, каб хутчэй такія фестывалі, дзе можна купіць беларускі мерч, дзе можна паразмаўляць з беларусамі па-беларуску, дзе можна кайфануць ад шчырых усмешак былі ў Менску, Горадні, Ваўкавыску, Івацэвічах. Там, дзе зараз сядзіць шмат беларусаў, якія, на жаль, без гэтай эмоцыі», – дадаў Аляксандр Івулін.

На гэты момант на фестывалі «Тутака» працягваецца канцэрт. Музыкі абяцаюць танцы ажно да трэцяй гадзіны ночы.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»