Вялікую Расею пабудуюць людзі ў кайданках


Расейскі ўрад плануе актыўна выкарыстоўваць працу вязняў на будоўлях.

Даніла Бяглец – прадпрымальнік, бацька дваіх дзяцей. У 2019-ым годзе яму прысудзілі два гады калоніі за тое, што схапіў паліцыянта за руку на акцыі пратэсту. На зоне ён правёў год і чатыры месяцы. У зняволенні ў асноўным шыў медычныя камбінезоны і маскі.

«Добраахвотнага там нічога няма. Гэта значыць, скажуць табе пайсці, ты скажаш не – значыць, створаць такія ўмовы, што табе альбо прыйдзецца, альбо… Увогуле, у цябе няма магчымасці адмовіцца», – распавядае былы вязень Даніла Бяглец.

Прапанову замест працы мігрантаў выкарыстоўваць працу зняволеных у канцы траўня агучыў дырэктар расейскай Федэральнай службы выканання пакаранняў. Ідэю падтрымалі, і ўжо ў пачатку чэрвеня вязняў пачалі прыцягваць да працы на будоўлях у Маскве і Падмаскоўі.

«У цэлым гэта можна назваць і адраджэннем ГУЛагу, і тое, што наш Хеопс вырашыў пабудаваць піраміду і з гэтай нагоды паклікаў рабоў ды пачаць будаваць піраміду без ужывання сучаснай тэхнікі і тэхналогіяў», – кажа Вольга Раманава, кіраўніца фонду «Русь сидящая».

Зняволеныя, паводле праваабаронцы, працуюць у калоніях нелегальна. Заробак там мінімальны, прыблізна 160 долараў. Вязняў афіцыйна афармляюць на чвэрць стаўкі з заробкам каля саракА долараў, але фактычна яны працуюць поўны дзень. З заробленага адымаюць плату за пражыванне і харчаванне, у выніку на рукі вязень атрымлівае прыблізна тры долары за месяц.

«Спытайце любога чалавека, які працаваў і атрымліваў заробак, дзе ягоныя заробкавыя рахункі. Ён жа атрымліваў зарплату і дзесьці ён распісваўся, што ў яго засталося… Ніколі і ніхто вам гэтага не пакажа, хоць усе распісваюцца, бо гэта самая страшная таямніца нашага ФСВП, нашай пенітэнцыярнай сістэмы – гэтыя самыя заробкавыя рахункі. Бо ў іх праўда: колькі ён працаваў і колькі ён атрымліваў», – рэзюмуе Вольга Раманава.

У свеце не вядомыя такія выпадкі замены мігрантаў зняволенымі. У Расеі ж ужо неўзабаве, як піша «Камерсант», каля шасцісот зняволеных адправяцца на працу ва Усходнюю Сібір на Байкала-Амурскую магістраль. Паводле звестак дзяржаўных сацыёлагаў, больш за 70 адсоткаў расейцаў падтрымліваюць ідэю ўладаў набіраць на будоўлі зняволеных замест мігрантаў.

Аксана Гандзюк, «Белсат»