У чаканні Уваскрашэння


Вялікая субота – дзень, у які праваслаўны свет рыхтуецца сустрэць Уваскрашэнне Хрыстова. Напярэдадні Вялікадня – галоўнага рэлігійнага свята для больш як 4-ох мільёнаў беларусаў – вернікі прыходзяць да цэркваў асвяціць пачастункі да святочнага стала. І надвор’е для гэтага – не перашкода.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Вялікая субота для ўсіх праваслаўных – дзень і журботны, і радасны адначасова: хутка адбудзецца Уваскрашэнне. Гэта вучыць вернікаў не страчваць надзеі на цуд.

«Само свята ўваскрашэння адкрываецца для нас у тым, што мы часта бывае жывем у адчаі, думаем што ўжо ўсё скончана, што не будзе нічога светлага, але рана ці позна да нас прыходзіць радасць», – сказаў праваслаўны святар Аляксандр Шрамко.

Чаканне велікодных урачыстасцяў традыцыйна спалучаюць з гатаваннем святочных страваў. Паска, ці, іначай, бабка, вяндліна, соль і, вядома, яйкі, якія прынята ўпрыгожваць, у каго на што хапае фантазіі.

«Збіраюся на галінках квітнеючага дрэва яблыні намаляваць іх партрэты сярод кветак», – падзялілася мастачка і іканапісец Ксіша Анёлава.

Да традыцыйных велікодных страваў многія беларусы падыходзяць з асаблівым крэатывам.

«Шмат разоў рабіў велікодныя булкі, заўсёды добра атрымлівалася. Гэтым разам вырашыў быць больш сучасным – зраблю круасаны», – сказаў вернік з Вільні Мікалай Мамінаў.

Тыя, хто не можа адзначыць Вялікдзень на радзіме, у коле родных і блізкіх, не адчайваюцца і перад святам думаюць пра светлае.

«Мы нармальна сябе адчуваем. Знаходзім сабе сяброў, з якімі можна адсвяткаваць Вялікдзень тут, у Вільні. А традыцыі свае мы прывезлі разам з сабою з Беларусі. Іх перададзім і дзецям», – дадаў Міхаіл Мамінаў.

У гэты дзень штогод адбываецца адзін з галоўных цудаў Праваслаўнай Царквы, які яна лічыць знакам асаблівага Божага дабраславення – у Іерусаліме сыходзіць Дабрадайны агонь. Цырымонія прываблівае дзясяткі тысячаў праваслаўных паломнікаў. Абрад нагадвае, што Бог дараваў людзям святло і свабоду.

Кажуць, што ў Вялікую суботу нікому нельга адмаўляць у просьбах. Таму заставайцеся здаровымі і захоўвайце агмень у сваім сэрцы.

Андрэй Сульжыц «Белсат»