Піць або не піць ваду з-пад крана


Што рабіць, калі з-пад крана цячэ брудная вада? Пра такія выпадкі заяўляюць жыхары адразу некалькіх рэгіёнаў краіны. Мы спраўдзілі: спакойна п’юць ваду з-пад крана менш за палову нашых гледачоў. 

«Вось такая вадзічка ў нас зноўку, учора аднесла ў ЖКГ такую ж павязачку, папрасіла не пакідаць нас з такой вадой на выходныя, але, як бачыце, адказ «на лицо», – скардзіцца ў сацсетках жыхарка мястэчка Баравуха ў Полацкім раёне.

А ў дамах некаторых жодзінцаў падаюць ваду жоўтага колеру, з непрыемным пахам і крупінамі пяску. Прынамсі так заяўляць жыхары вуліцы Ракасоўскага ў адмысловай петыцыі:

«Мы расчараваныя даўняй нявырашанай праблемай забруджанай водаправоднай вады ў горадзе Жодзіне. Вось ужо некалькі гадоў мясцовы водаканал не можа вырашыць гэтую праблему і забяспечыць жыхароў гораду чыстай і бяспечнай пітной вадой. Наяўнасць гэтай праблемы недапушчальная, асабліва, калі мы плацім за камунальныя паслугі на рэгулярнай аснове».

Камунальныя службы мусяць рэгулярна спраўджваць пітную ваду на цэлы рад паказнікаў. Прычым робіцца гэта на 3 этапах: у свідравінах, перад паступленнем вады ў размеркавальную сетку і беспасярэдне ў водаправоднай сетцы.

«Вада павінна быць празрыстая і без пахаў, тут мы бачым, што яна непразрыстая дакладна і, напэўна, не без пахаў. Гэта ўжо як мінімум парушэнне, чыста фактычна мы бачым, што вада забруджаная», – кажа менеджарка «Зялёнага тэлефона» Паліна Бурко.

У дыспетчарскай Жодзінскага водаканалу нам пракаментавалі сітуацыю наступным чынам: «Таму што восенню не мылі сетак, нам не дазволіў выканкам, як звычайна мы мыем, прамываем на дзень ваду, і пасля вада чыстая. І вось у гэтым годзе вырашылі так не мыць, і вось што атрымліваецца. Гарантый я вам не магу даць, але дырэктар наш сказаў, паедзе ў гарвыканкам, каб дазволілі нам мыць. Таму што выскоквае: то адзін дом скардзіцца, то другі – пастаянна».

Праблема бруднай вады досыць распаўсюджаная ў Беларусі, сцвярджае былы дэпутат Белаазёрскага гарадскога савету Юрась Губарэвіч: «На гэта вельмі просты адказ ва ўладаў, што сродкаў няма. Яны альбо не закладаюцца ў мясцовыя бюджэты, або скіроўваюцца на іншае, ніяк не звязанае з забеспячэннем жыццядзейнасці гораду».

Чаму менавіта ў Жодзіне, дзе працуе магутнае прадпрыемства, БелАЗ, не стае грошай на ўпарадкаванне камунальнай гаспадаркі? Юрась Губарэвіч нагадвае, што спачатку ўсе заробленыя грошы ідуць у агульнарэспубліканскі бюджэт, а пасля размяркоўваюцца назад па гарадах: «Ёсць такое пытанне, як ачыстка вады, пачынаючы з абезжалезвання да больш глыбокай хімічнай ачысткі. Тут якраз можам звярнуць увагу на наяўнасць гэтага буйнога прадпрыемства, якое як бы там ні было, чагосьці добрага для мясцовай экалогіі не прыносіць, то бок увага да якасці пітной вады ў Жодзіне павінна быць падвышаная».

Толькі менш за палову беларусаў спакойна пʼюць ваду з-пад крана ў сябе ўдома. Гэта вынікае з апытання, праведзенага намі на Youtube-канале «Белсат life». 6% рэспандэнтаў адзначылі, што ў іх з-пад крана цячэ іржавая і смярдзючая вада, зусім не прыдатная да піцця:

– «Не вельмі добрая, але ўсё роўна пʼю з-пад крана. На бутэляванай можна разарыцца».

– «У нас калодзеж. І вада ў ім не вельмі: яна цячэ з балота, але іншай няма».

– «Гарадскі пасёлак Мір: вада з-пад крана то іржавая, то з пахам. У калодзежы ў двары вада атручаная нітратамі. І такая сітуацыя ўва ўсёй акрузе».

Паводле дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы, сёлета на будаўніцтва станцыяў абезжалезвання вады ў розных рэгіёнах краіны выдаткавалі 13 мільёнаў рублёў. Проста для параўнання: на фінансаванне МУС і яго праектаў закладзеныя 117 мільёнаў рублёў. То бок сілавы блок дзяржаве ў 9 разоў важнейшы, чымся пітная вада для грамадзянаў.

Аліна Скрабунова, Белсат