Выбары без выбару: беларусаў заклікаюць абраць дэпутатаў


Сёння быў апошні дзень рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. Будучых лукашэнкаўскіх парламентароў вызначаць 25 лютага. Гэтак званы міністр унутраных справаў Іван Кубракоў страшыць беларусаў ды папярэджвае, што кожны выбарчы ўчастак будзе абследаваны, паўсюль установяць кнопкі трывожнай сігналізацыі і сістэмы відэаназірання.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Адзіны дзень галасавання пройдзе ў Беларусі дваццаць пятага лютага. Беларусаў чакае задача з зорачкай: абраць дэпутатаў усіх узроўняў, ад сельсавету да парламенту. Прычынай таму стала адмена ў 2021-м выбараў у мясцовыя саветы.

«Рэжым Лукашэнкі страшна баяўся новай хвалі пратэстаў, што маглі б адбыцца (і я перакананы, дакладна адбыліся б) падчас выбараў у мясцовыя Саветы», – кажа сябра Каардынацыйнае рады Віталь Рымашэўскі.

Першыя з 2020-га выбары пройдуць ва ўмовах узмоцненага дагляду. Трывожная кнопка, сістэма відэаназірання на кожным участку, а таксама праца групаў хуткага рэагавання. Толькі ў Менску, дзе сёлета будзе 699 выбарчых пунктаў, на так званае забеспячэнне правапарадку паставяць пяцьдзясят сілавікоў.

«З 2020 года мы папрацавалі над заканадаўствам. Такога, як было в 2020 годзе, калі блакавалі вуліцы, білі лаўкі і ламалі інфраструктуру, не будзе. Найменшае парушэнне дзейнага заканадаўства – рэакцыя будзе маментальнай», – заявіў міністр унутраных справаў Беларусі Іван Кубракоў.

У той час, калі сілавікам надаюць новыя паўнамоцтвы, у беларусаў забіраюць існыя. Гэтак, без права галасаваць засталіся больш за мільён восемсот тысяч нашых суайчыннікаў, што жывуць за мяжою. Да таго ж грамадзянам з пашпартам ці дакументамі іншае дзяржавы забаранілі вылучэнне ў кандыдаты. Шараговыя выбарнікі не змогуць фатаграфаваць бюлетэні.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.  Галасаванне. Крыніца: minsknews.by

«Магчымасць фатаграфаваць, фіксаваць – усё яны прыбіраюць, каб не было нават шанцу якім-небудзь чынам правесці паралельную сістэму падліку галасоў і выявіць вось гэтыя фальсіфікацыі», – кажа юрыст «Human Rights Impact», праваабаронца Раман Кісляк.

Сёлета на выбарчых участках упершыню не будзе і незалежных назіральнікаў – ані міжнародных, ані беларускіх. Апошнія заклікаюць беларусаў перадаваць звесткі пра правапарушэнні праваабаронцам.

«Людзі могуць у праваабарончы цэнтр “Вясна” пісаць, у чат-бот. Перадаваць інфармацыю ў СМІ. Ну і, вядома ж, я заклікаю быць асцярожнымі і акуратнымі, каб не выклікаць адміністратыўнай ці крымінальнай адказнасці», – дадае праваабаронца.

Перад выбарамі рэжым правёў вялікую зачыстку ў палітычнай сферы. Пасля перарэгістрацыі ў краіне з шаснаццаці партыяў засталося чатыры. Усе яны, безумоўна, падтрымліваюць Лукашэнку. Затрымліваюць і грамадзянаў, якія патэнцыйна могуць быць нелаяльнымі рэжыму.

«Рэжым Беларусі баіцца ўласнага народу. Да выбараў прэзідэнта ці да перапрызначэння яны мусяць падтрымліваць узровень страху. Яны баяцца, што нешта адбудзецца на прэзідэнцкіх выбарах. Гэта значыць, наступны ўвесь год, паводле маіх прагнозаў, рэпрэсіі будуць працягвацца», – кажа сябра Каардынацыйнае рады Віталь Рымашэўскі.

Паводле эксперта, у цяперашніх умовах татальнага знішчэння незалежных кандыдатаў можна выкарыстоўваць бяспечныя формы пратэсту. Напрыклад, пайсці на выбары і прагаласаваць супраць усіх.

Наста Печанькова, «Белсат»