Якія непрыемнасці нясе зіма?


Прычынаю сур’ёзнай аварыі на падстанцыі Лучоса, што пад Віцебскам, стала абцяжаранае снегам дрэва. Яно павалілася на лінію электраперадачаў і выклікала кароткае замыканне, паведамляе Міністэрства энергетыкі. Няўстойлівае зімовае надвор’е вядзе і да іншых пазаштатных сітуацыяў. 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У Віцебску завяршылі рамонт ЛЭП пасля кароткага замыкання. Напярэдадні ў сацыяльных сетках з’явіліся паведамленні пра надзвычайнае здарэнне. Карыстальнікі пісалі, што чулі выбухі на падстанцыі Лучоса і бачылі моцныя выбліскі.

У абласным упраўленні МНС удакладнілі, што пажар адбыўся ў ваколіцах вёскі Лятохі пад Віцебскам. На лініі электраперадачаў пад цяжарам снегу павалілася дрэва.

А карыстальнікі сацыяльных сетак працягваюць звяртаць увагу на з’яўленне небяспечных ледзяшоў на дахах. Гэтак, у Гомлі ад падзення лёду пацярпеў мужчына. Тэлеграм-канал «Беларусь за МКАДом» публікуе фота чатырохметровага ледзяша на адным з будынкаў у аграгарадку Козенкі пад Мазыром. У гэтым жа пабліку – фота і відэа ледзяшоў на будынках у Гомлі.

У Жыллёва-камунальнай гаспадарцы Гомельскай вобласці паведамілі, што з-за моцных снегападаў не даюць рады прыборцы снегу і ледзяшоў. Паведамляць жа пра небяспечную наледзь на дахах і балконах трэба ў службу «115».

«Калі нешта ўпадзе на галаву, асабліва ледзяш, – нанясе сур’ёзную шкоду ці смерць. Калі вы ў касцы, то можна адкараскацца кампрэсіяй шыйнага аддзелу, усё залежыць ад масы, якая ўпадзе», – кажа траўматолаг Аляксей Носаў.

Морозы в Беларуси, зима, холод, снег, замерзшая река, рыбалка, удочка, лёд, опасность
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мужчына ловіць рыбу на замёрзлым возеры. Менская вобласць, Беларусь. 20 снежня 2021 года.
Фота: Белсат

Небяспечны не толькі той лёд, што звісае з даху. Пра гэта перадусім маюць памятаць рыбакі. У Мёрскім раёне днямі патануў 49-гадовы мужчына, а на сталічным вадасховішчы Дразды – 69-гадовы рыбак.

Ратавальнікі нагадваюць: выходзіць на лёд таўшчынёй менш за 7 сантыметраў небяспечна для жыцця. Калі ўсё ж праваліліся, не панікуйце. Трэба абламаць далікатную абзу лёду вакол, пачынаць выбірацца ў напрамку берага.

«Акуратна запаўзіце целам на край ледзяной кары і, калі грудзі будуць на лёдзе, асцярожна выцягвайце спачатку адну нагу, потым іншую, паступова перакочваючыся, выберацеся вонкі. Ні ў якім разе не ўставайце на ногі. Павольна адпаўзіце ад небяспечнага месца, шырока раскінуўшы рукі і ногі».

Таксама ратавальнікі звяртаюць увагу: рыбакі абавязкова мусяць апранаць ратаўнічую камізэльку.

Дамініка Кунцэвіч, «Белсат»