Ці зможа Кандрацьеў адсудзіць у АБФФ амаль 100 тысяч долараў?


Былы галоўны трэнер нацыянальнай футбольнай зборнай Беларусі вырашыў спагнаць грошы з колішняга свайго працадаўцы. Георгій Кандрацьеў падаў у суд на асацыяцыю «Беларуская федэрацыя футболу» і патрабуе кампенсацыі памерам амаль 100 тысяч долараў за датэрміновае скасаванне кантракту. 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Георгій Кандрацьеў пастанавіў судзіцца з Федэрацыяй футболу праз некалькі месяцаў пасля расстання. Ягоны кантракт як галоўнага трэнера зборнай павінен быў скончыцца ў канцы гэтага года. Аднак асацыяцыя адправіла трэнера ў адстаўку ў апошні дзень чэрвеня. Трэнер палічыў, што яму не далі да канца выканаць пастаўленую задачу: вывесці зборную ў фінальную частку «Еўра», – а таму мусяць выплаціць астатнюю частку заробку.

«Ён цяпер спрабуе зарабіць апошнія нармальныя грошы. Бо пасля звальнення са зборнай ён наўрад ці недзе знойдзе добрую працу. Я не веру, што ў яго ў кантракце прапісаны пункт, пры якім, калі ён не выведзе зборную на Еўропу, то з ім будзе скасаваная дамова. Гэта абсурдны пункт, улічваючы, якое месца беларуская зборная займае ў сусветным футболе», – разважае былы футбаліст Яўген Вяроўка.

Заробак Кандрацьева ў зборнай складаў прыкладна 15 тысяч долараў на месяц без вылічэння падатку. Паводле трэнера, ён не дапрацаваў прыкладна 6 месяцаў, а таму патрабуе амаль 100 тысяч долараў. Коўч настойвае, што ён мог бы вывесці Беларусь на «Еўра-2024», аднак яму не далі дапрацаваць. У прынцыпе, тэарэтычныя шанцы ў Кандрацьева былі. Для гэтага неабходна было выгульваць у групе ўсе свае астатнія 5 матчаў, пры гэтым такія супернікі, як Румынія і Швейцарыя, павінныя былі саступаць апанентам.

«На мой погляд, у маральным плане патрабаваць кампенсацыю за скасаванне кантракту пасля такога выніку, для мяне гэта незразумела. Чалавек, які мае гонар і годнасць, павінен быў даўно падаць у адстаўку за такія вынікі. З іншага боку, ён ведаў, куды ішоў», – дадаў былы футбаліст Яўген Вяроўка.

Першы пазоў Кандрацьева ў суд быў адхілены, цяпер чакаецца разбор у Менскім гарадскім судзе. Слуханне прызначанае на 20-га лістапада. Ці ёсць шанцы ў коўча перамагчы не на полі, дык у судзе?

«Гэта той самы выпадак, калі катэгорыі людзей, якіх прынята называць “ябацькамі” і “хатаскрайшчыкамі”, пачнуць разумець, што справядлівая, незалежная судовая сістэма – яна патрэбна не толькі нейкім дзеўбанутым змагарам, а ідзе ўвогуле на карысць усёй краіне», – паведаміў юрыст НАУ Міхаіл Кірылюк.

Былы галоўны трэнер зборнай Беларусі па футболе. Георгій Кандрацьеў.
Фота: football.by

Ужо ў нашай гісторыі быў выпадак, калі галоўны трэнер зборнай спрабаваў праз суд спагнаць кампенсацыю з АБФФ. Знакамітага гульца, а затым настаўніка Аляксандра Хацкевіча звольнілі з гэтай пасады ў 2016-м годзе, не даўшы дапрацаваць да канца кантракту. Ён таксама прайшоў праз беларускія суды, а затым – і праз спартовы арбітраж у швейцарскай Лазане. Беспаспяхова. Ці зойдзе так далёка Кандрацьёў?

«Што будзе, калі ён гэту справу выйграе? Ці спатрэбіцца яму тры гадзіны, каб эміграваць з Беларусі, ці яшчэ да таго, як ён пойдзе ў суд у Лазане? Бо гэта можа быць расцэнена як экстрэмізм», – дадаў юрыст НАУ Міхаіл Кірылюк.

Георгій Кандрацьеў працаваў са зборнаю два цыклы. У другі ягоны заход на пасаду галоўнага трэнера каманды, які працягваўся апошнія два гады, на рахунку настаўніка 17 афіцыйных матчаў і толькі адна перамога. Магчыма, вінаватыя гульцы, а не трэнер?

«Ну, вядома гэта недапушчальна. Ты ж прыязджаеш у нацыянальную каманду, ты павінен усё зрабіць, каб быў станоўчы вынік. А калі футбалісты парушаюць рэжым, то пра які станоўчы вынік можа ісці гаворка», – канстатуе былы галоўны трэнер зборнай Беларусі па футболе Георгій Кандрацьеў.

Цяпер каманду Беларусі ўзначальвае іспанец Карлас Фэрэр, які змяніў Кандрацьева. Нашай зборнай, якая ўжо страціла ўсе шанцы трапіць на чэмпіянат Еўропы, засталося правесці ў еўрапейскай кваліфікацыі два матчы: 18-га лістапада – двубой з Андорай, а 21-га – з Косава.

Павел Алейнікаў, «Белсат»