Менск пагражае Вільні зброяй і судом


«Гэта ўсё прапаганда рэжыму Лукашэнкі» – так «Белсату» пракаментаваў судовую позву «Беларуськалію» супраць Літвы старшыня камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Сейму Літвы. Дзяржаўны канцэрн хоча спагнаць ажно мільярд еўраў за тое, што літоўцы не дазваляюць вазіць калійную соль у свае балтыйскія парты. Пры гэтым чыноўнікі Лукашэнкі зноўку робяць агрэсіўныя і нават хамскія заявы ў бок Вільні.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У сонечнай Партугаліі не плачуць па «Беларуськаліі». А дакладней, там няма лабістаў паслаблення калійных антываенных санкцыяў на найвышэйшым узроўні. Пра гэта «Белсату» паведамілі ў Аб’яднаным пераходным кабінеце па выніках працоўнага візіту ў Лісабон. Там Святлана Ціханоўская сустракалася з дзяржсакратаром, міністрам эканомікі Партугаліі, ды з камітэтам замежных справаў у парламенце.

«Перадалі нашую пазіцыю, што нельга змякчаць санкцыі супраць “Беларуськалію”. Бо ён фінансуе рэжым Лукашэнкі, сілавы апарат, бярэ ўдзел у вывазе ўкраінскіх дзяцей на беларускую тэрыторыю. Яны пра гэта ведаюць», – распавёў нам старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

З лабістамі не атрымалася, але Лукашэнка змабілізаваў усе палітычныя і эканамічныя рэсурсы, каб адмяніць забарону на транзіт калійных угнаенняў праз Літву. Так Франак Вячорка пракаментаваў арбітражны працэс, ініцыяваны «Беларуськаліем» супраць Літвы. Дзяржаўнае прадпрыемства патрабуе мільярд еўраў за тое, што афіцыйная Вільня скасавала пагадненне аб транспарце калію чыгункай і за тое, што ўпалі ў кошце акцыі самога «Беларуськалію» і тэрміналу насыпных грузаў у Клайпедзе, дзе Беларусь мае сваю долю.

«Верагодна, рэжым Лукашэнкі будзе апеляваць да артыкулу 125 канвенцыі ААН па марскім праве, а таксама да міжурадавага пагаднення між Беларуссю і Літвой аб абароне інвестыцыяў. Аднак немагчыма будзе даказаць, што галоўная прычына – забарона Літвы. Акрамя таго, забарона была ўведзена на падставе меркавання аб нацыянальнай бяспецы Літвы», – патлумачыў «Белсату» Павел Латушка.

Таму сітуацыю можна прызнаць форс-мажорам, кажа кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

Пра дзяржаўную долю ў Клайпедскім тэрмінале кажуць і падначаленыя Сяргея Алейніка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Scanpix / delfi.lt

«Пытанні пераадолення гандлёва-адміністратыўных барʼераў на шляху беларускага экспарту – усё гэта знаходзіцца ў полі зроку міністэрства замежных справаў», – мяркуе намеснік міністра замежных справаў Лукашэнкі Ігар Назарук.

Ігар Назарук паабяцаў расейскім журналістам, што хутка гэтыя суды дадуць вынік. І заадно – абразіў літоўцаў.

«Мне нагадваюць гэтыя сітуацыі, умоўна кажучы, дваровую шпану, якая, заручыўшыся падтрымкаю старэйшых хуліганаў, пачынае паказваць, якая яна не тое каб адважная, а якая яна актыўная. Праўда, адной пстрычкі хопіць, каб астудзіць увесь запал», – заявіў намеснік міністра замежных справаў Лукашэнкі Ігар Назарук у інтэрвʼю расейскаму СМІ.

У Вільні не баяцца пстрычкі Назарука.

«Калі яго ніхто не прымае ў іншых краінах, то можа казаць, што хоча. Нам ні халодна, ні цёпла», – пракаментаваў «Белсату» выказванне Назарука старшыня камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Сейму Літвы Лаўрынас Касчунас.

Раней падобную заяву, што трэба вярнуць сабе сваю ўласнасць сілай, рабіў генерал-маёр Павел Муравейка на адмысловым ідэалагічным семінары ад Менгарвыканкаму.

«Літва фактычна забараніла нам перамяшчаць свае тавары праз мяжу. Паводле ўсіх нормаў міжнароднага права такі крок адносіцца да эканамічнай агрэсіі. З пункту гледжання банальнай логікі мы маем усе падставы, каб прабіць жыццёва важны для нас калідор сілай зброі», – заявіў ідэолагам першы намеснік дзяржсакратара Савету бяспекі Лукашэнкі Павел Муравейка.

Днямі генерал Муравейка зноўку заявіў, што Менск будзе разам з Масквой рэагаваць на санкцыйныя пакеты і што цяпер на першае месца ў спрэчках выходзіць вайсковая сіла.

«Стаіш каля Масквы, як шпана, як сатэліт, і кажаш, што ты тут прабʼеш штосьці. Давай, прабі штосьці, падыдзі да NATO і прабі. Паглядзім, дзе ты будзеш пасля гэтага», – завочна адказаў Муравейку Лаўрынас Касчунас, старшыня камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Сейму Літвы.

Лаўрынас Касчунас звярнуў увагу, што антываенныя санкцыі – не эканамічная агрэсія, а якраз-такі адказ на ўзброеную агрэсію Пуціна і Лукашэнкі супраць Украіны.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»