Чаго чакаць пасля сустрэчы Байдэна і Сі Цзінь Піна?


Сан-Францыска. Штат Каліфорнія. У апошнія дні на вуліцах гэтага амерыканскага гораду заўважна павялічылася колькасць праваахоўнікаў і спецслужбаў. Мясцовыя ўлады ачышчаюць вуліцы ад намётаў бяздомных вакол месца правядзення саміту Азіяцка-Ціхаакіянскай эканамічнай супрацы. Гваздом імпрэзы стане сустрэча прэзідэнта ЗША Джо Байдэна і генеральнага сакратара кітайскай кампартыі Сі Цзінь Піна.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«У гэтым годзе яна асабліва важная, бо, ўлічваючы напружанасць паміж Злучанымі Штатамі ды Кітаем, магчымасць сустрэчы Сі Цзінь Піна з прэзідэнтам Байдэнам вельмі важная. Так што ў гэтым сэнсе, я думаю, саміт запомніцца найперш гэтаю двухбаковаю сустрэчаю», – мяркуе прафесар палітычных навук, дырэктар даследчага цэнтру Азіяцка-Ціхаакіянскай эканамічнай супрацы Віні Агарўаль.

ЗША і Кітай – лідары сусветнай эканомікі. У сукупнасці яны вырабляюць больш за 40 адсоткаў усіх тавараў і паслуг на нашай планеце. Але апошнімі гадамі двухбаковыя адносіны гэтых краінаў перажываюць крызіс. Сустрэча лідараў на саміце «Вялікай дваццаткі» на Балі ў лістападзе мінулага года давала надзею на паляпшэнне гэтых адносінаў. Аднак пацяплення не адбылося. Наадварот, супярэчнасці толькі ўзмацніліся.

«Падставамі для гэтага паслужылі, напрыклад, збіццё прэснапамятнага паветранага шара, які назвалі шпіёнскім у ЗША. Таксама Злучаныя штаты забаранілі ў Кітай імпарт чыпаў, у якіх выкарыстоўваюцца амерыканскія тэхналогіі. І іншыя эканамічныя пытанні таксама ўзнікалі. І, канешне, сітуацыя вакол Тайваня, якая абвастралася. Асабліва ў красавіку, калі кіраўніца тайваньскай адміністрацыі наведвала ЗША з неафіцыйным візітам», – тлумачыць кітаіст, даследчык кітайскай замежнай палітыкі Андрэй Дагаеў.

Адна з галоўных мэтаў саміту Азіяцка-Ціхаакіянскай эканамічнай супрацы – не дапусціць перарастання напружанасці між Кітаем і ЗША ў ваенны канфлікт. Сярод іншага, Байдэн абмяркуе з Сі Цзінь Пінам аднаўленне каналаў сувязі паміж Вашынгтонам і Пекінам у вайсковай сферы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сі Цзінь Пін.
Фота: rg.ru

«Прэзідэнт рашуча настаўлены на аднаўленне сувязяў паміж вайскоўцамі дзвюх краінаў, паколькі ён мяркуе, што гэта адпавядае інтарэсам нацыянальнай бяспекі ЗША. Кітайскі бок, па сутнасці, разарваў гэтыя сувязі. Прэзідэнт Байдэн хацеў бы іх аднавіць», – заявіў дарадца прэзідэнта ЗША ў пытаннях нацыянальнай бяспекі Джэйк Саліван.

Таксама на парадку дня – дзве вайны: на Блізкім Усходзе і ва Украіне. Чакаецца, што Байдэн паспрабуе перацягнуць Кітай у гэтых пытаннях на бок Захаду. Але шанцы, што з гэтага нешта атрымаецца, не вялікія.

«Бо ў Кітая тут стратэгічныя інтарэсы. У тым ліку і адносіны з Расеяй. І ў прынцыпе Кітай – гэта адзін з дабравынаходнікаў, калі можна сказаць, умоўна, у цяперашнім канфлікце. Гэта і рынак збыту, што важна ў цяперашніх эканамічных умовах. І, вядома, рынак паставак энергарэсурсаў, якія цякуць з Расеі ўсё з большай і большай сілай», – кажа Андрэй Дагаеў.

Тым часам у Сан-Францыска ўжо праходзяць акцыі пратэсту супраць форуму Азіяцка-Ціхаакіянскай эканамічнай супрацы. Пратэстоўцы заклікаюць да эканамічных і экалагічных зменаў у свеце і неадкладнага спынення агню ў вайне паміж Ізраілем і «Хамасам». Мясцовая паліцыя чакае, што заўтра маштаб пратэстаў павялічыцца.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»