Дзень гібрыднага адзінства


Расейскія вайскоўцы заблакавалі і зачысцілі населены пункт пад Берасцем. Для зачысткі мотастралкі скарысталіся агнямётамі і падтрымкай штурмавой авіяцыі. Таксама быў скарыстаны стратэгічны бамбавальнік, які ўваходзіць у ядравую трыяду Масквы.

Такія навіны прыходзяць з беларускіх і расейскіх палігонаў, дзе працягваецца актыўная фаза сумесных стратэгічных вучэнняў «Захад-21».

Афіцыйна – 200 тысяч удзельнікаў. Адныя з наймаштабнейшых манеўраў адзначаныя яшчэ і рэдкім узроўнем агрэсіўнай рыторыкі.

«На нас з вамі ляжыць найвялікшая адказнасць. Мы перамаглі бліцкрыг, мы супрацьстаім гібрыдным атакам, і паспяхова. Але цяпер трэба аб‘яднаць не толькі здаровую частку, але і тых, хто завагаўся пад грузам учорашніх атак», – гэтую заяву Аляксандр Лукашэнка зрабіў, уручаючы ўзнагароды заслужаным артыстам і прадстаўнікам сілавых структураў.

Цырымонію прымеркавалі да новага дзяржаўнага свята – Дня народнага адзінства, у гонар увядзення Чырвонай арміі ва Усходнюю Польшчу ў 1939-м годзе. Тыя падзеі адзначыліся сумесным парадам сталінскіх і гітлераўскіх войскаў у Берасці.

Прозвішчы ўзнагароджаных сёння сілавікоў засакрэчаныя, але медалі «За адвагу» Лукашэнка ўручыў ім за спецаперацыі, якія праходзяць і цяпер. Былы кіраўнік справаў Лукашэнкі Віктар Шэйман, які з пачатку кар‘еры выконваў ягоныя спецдаручэнні, сёння атрымаў ордэн Айчыны 1-й ступені. Менавіта Шэймана ў Еўразвязе называюць адказным за арганізацыю масавай нелегальнай міграцыі праз Беларусь.

«Дзяржаўныя структуры перакідваюць з трэціх краінаў мігрантаў на мяжу. Беларускія памежнікі дазваляюць і дапамагаюць ім перасекчы мяжу – гэта стала рэчаіснасцю», – тлумачыць Пятрас Аўштравічус, пастаянны спавяшчальнік Еўрапарламенту аб Беларусі.

За мінулыя содні на беларускай мяжы службы Польшчы, Літвы і Латвіі перадухілілі амаль 300 спробаў незаконнага пранікнення. Выкарыстанне і арганізацыю нелегальнай міграцыі з Блізкага Усходу і Афрыкі ўрады суседніх дзяржаваў называюць часткаю вучэнняў «Захад-21».

«Гэтыя вучэнні заўжды адбываюцца паводле сцэнару, дзе еўрапейскі, заходні бок – гэта агрэсіўны праціўнік. Але войскі адпрацоўваюць удар па нашых краінах. Але ў гэтым выпадку мы маем справу з вучэннямі, якія праходзяць у надзвычайнай сітуацыі – сітуацыі гібрыднай вайны», – кажа Здзіслаў Краснадэмбскі з Камітэту замежных справаў Еўрапарламенту.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі дзеля гібрыднай агрэсіі выкарыстоўвае ўнутраныя супярэчнасці суседніх дзяржаваў і этычныя праблемы, звязаныя з міграцыяй, заявіў «Белсату» прадстаўнік Камітэту замежных справаў Еўрапарламенту. Таму санкцыі супраць атачэння Лукашэнкі будуць узмоцненыя.

«Калісьці ў Еўразвязе былі спадзевы, што рэжым Лукашэнкі будзе мякчэць, цывілізавацца, ісці ў бок дэмакратызацыі. Што можна дайсці да ўзаемаразумення ў пэўных пытаннях. А сёння мы бачым з таго боку ваенную рыторыку», – падсумоўвае Здзіслаў Краснадэмбскі.

Вучэнні «Захад-21» – сведчанне палітычных саступак Лукашэнкі Уладзіміру Пуціну, заявіў у эфіры «Голоса Америки» кангрэсмен Крыс Сміт. І Вашынгтон мусіць больш жорстка рэагаваць на агрэсіўныя дзеянні Масквы і Менску.

«Лукашэнку гэта трэба для выжывання – ён такога нарабіў, што павінен быць ужо цяпер у Гаазе за злачынствы супраць чалавечнасці. Тым не менш ён працягвае кіраваць, больш дакладна, не спраўляцца з кіраваннем у сваёй краіне. А Пуціну патрэбна больш працяглая мяжа з заходняга боку, якая дае дадатковыя магчымасці для пагроз Літве, Польшчы і іншым суседнім краінам або тым, якія знаходзяцца недалёка. І гэта выклікае сур‘ёзную трывогу», – заявіў прадстаўнік Камітэту замежных справаў Кангрэсу ЗША.

Сітуацыю на беларуска-літоўскай мяжы з прэм’ер-міністрам Літвы абмеркаваў дарадца прэзідэнта ЗША ў нацыянальнай бяспецы. Белы дом паведаміў, што Джэйк Саліван асудзіў арганізацыю рэжымам Лукашэнкі плыняў нелегальнай міграцыі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»