З'явіліся новыя правілы пераразмеркавання маладых медыкаў


Узгадняць пераразмеркаванне маладых спецыялістаў-медыкаў цяпер будзе адмысловая камісія Міністэрства аховы здароўя. Для гэтага ў кожным з выпадкаў будуць аналізаваць кадравую сітуацыю ва ўстановах, дзе малады спецыяліст працаваў і дзе хоча працаваць. Апроч таго, маюць запытацца меркавання чыноўнікаў розных узроўняў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Такая захада, мяркуе траўматолаг Аляксей Носаў, прынятая праз нястачу медыкаў на месцах:

«Гэтая камісія створана для таго, каб паставіць сур’ёзную сцяну. Калі ў цябе яшчэ была хоць нейкая магчымасць пераразмеркавацца, то цяпер гэтай магчымасці проста не будзе – пакінуць на тым узроўні, на якім ёсць. Калі вы думаеце, што дзеці чыноўнікаў не будуць размяркоўвацца ў іншыя населеныя пункты ці ім не дазволяць узʼяднаць семʼі, то вы памыляецеся. Гэта зроблена для звычайных грамадзянаў».

Сітуацыя з дэфіцытам медычных кадраў у Беларусі з кожным месяцам пагаршаецца. Паводле звестак Рэспубліканскага банку вакансіяў, у студзені ў краіне бракавала амаль 4 тысячы 600 спецыялістаў і крыху больш за 3 тысячы 300 медычных сясцёр. І пасля лік вакансіяў толькі рос. У красавіку патрабаваліся 4 тысячы 800 спецыялістаў і 3 тысячы 900 медсясцёр. На 14-га чэрвеня ў краіне не стае амаль 5 тысяч дактароў і каля чатырох тысячаў малодшага медычнага персаналу.

«Медыкі – тая прафесійная група, якая праявіла сябе даволі салідарна і актыўна падчас пратэстаў. Ясна, што на іх абрынулася значная частка рэпрэсіяў, што прымушае медыкаў зʼязджаць або зыходзіць з прафесіі», – адзначыў палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

Дэфіцыт медычных кадраў адчувальны для беларусаў. Прынамсі 73 адсоткі нашых гледачоў адзначылі, што дактароў у паліклініках і шпіталях не стае. 13 адсоткаў паведамілі пра цяжкасці трапіць да вузкіх спецыялістаў: эндакрынолагаў ці оталарынголагаў. І чыноўнікі знайшлі, як развязаць гэтую праблему.

«Калі таго ж эндакрынолага няма ў адным райцэнтры, то яго жыхарам будуць выдзеленыя месцы і магчымасць прыёму гэтым спецыялістам у суседнім горадзе. У гэтай сітуацыі павінна паварушыцца ўся сістэма аховы здароўя, пачынаючы ад доктара, які ёсць урачом агульнай практыкі, праз галоўнага ўрача цэнтральнай раённай больніцы, заканчваючы Міністэрствам аховы здароўя», – заявіў намеснік міністра аховы здароўя Юрый Горбіч у эфіры ОНТ.

Паводле Аляксея Носава, такая заява чыноўнікаў – стварэнне ілюзіі пэўнай дзейнасці, бо падобныя схемы пры надаванні медычнай дапамогі ў Беларусі ўжываліся і раней:

«З іншага боку, калі ў сваім раёне спецыяліст мае пэўную даступнасць, то бок да яго вядзецца запіс, і яму даюць дадатковую нагрузку, то як узрасце ці паменшыцца даступнасць гэтага спецыяліста, думаю, можна ўявіць».

Нягледзячы на ўсе актуальныя ці планаваныя захады, сітуацыя з дэфіцытам медычных кадраў пры дзейным рэжыме не зменіцца, мяркуюць нашыя эксперты. Адзіным эфектыўным рашэннем можа стацца толькі глабальная рэформа аховы здароўя, у тым ліку каб стварыць спецыялістам нармальныя ўмовы як для працы, так і для жыцця.

Ірына Юрʼева, «Белсат»