Барыс Гарэцкі: улады ўбачылі, што блогерства папулярнае, і рэпрэсуюць блогераў


У судзе Кастрычніцкага раёну Магілёва сёння, 14 красавіка агучылі прысуд блогерам Сяргею Пятрухіну і Аляксандру Кабанаву.

Па тры гады калоніі ды па 750 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды амапаўцу – такі прысуд вынесла Вольга Краўчанка ў Кастрычніцкім судзе Магілёва берасцейскім блогерам:

«Суд прысудзіў Пятрухіна Сяргея Сяргеевіча і Кабанава Аляксандра Аляксандравіча прызнаць вінаватымі кожнага ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак…»

А яшчэ ў абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем службовых абавязкаў, а Пятрухіна – і ў абразе суддзі.

«Людзі з Берасця. Іх прывезлі судзіць у Магілёў. Для чаго? Каб там, дзе гэтыя людзі папулярныя, на суд не прыходзілі», – перакананы праваабаронца Уладзімір Шанцаў.

Суд над блогерамі, якіх праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнямі, пачаўся 11 лютага. Падчас першага паседжання, на якое не пусцілі ні родных, ні журналістаў, Пятрухіна і Кабанава выдалілі з залы, і далей справа разглядалася без іх.

«Пятрухін падчас папярэдняга следства паказанні даваць адмовіўся і сказаў, што паказанні будзе даваць толькі на судзе, каб усе чулі, каб усім было зразумела, вінаваты чалавек ці невінаваты. Але яго гэтай магчымасці пазбавілі», – адзначае Уладзімір Шанцаў.

Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў – берасцейскія актывісты. Яны вялі канал «Народный репортёр» на YouTube, спрабавалі балатавацца ў дэпутаты, далучыліся да кампаніі супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу. Затрымалі іх летась у чэрвені.

«Летась «Тэлеграм» і «Ю-Туб» закрануў нават не традыцыйныя слаі насельніцтва (моладзь, якая ўвесь час у «Тэлеграме»), а нават людзі старэйшага пакалення. Людзі ў рэгіёнах, у малых гарадах актыўна сачылі за блогерамі, удзельнічалі ў стрымах і прыходзілі на сустрэчы», – кажа намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

Цяпер беларускае грамадства стала вельмі тэхналагічным, адзначае Барыс Гарэцкі. І нягледзячы на змены ў заканадаўстве, новыя адміністратыўныя справы ды крымінальны пераслед, распаўсюд інфармацыі спыніць немагчыма.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»