Нацыянальны ці камерцыйны? «Чорны замак» здымуць на «Беларусьфільме»


Фільм «Чорны замак» па матывах раману Караткевіча «Чорны замак Альшанскі» у наступную вясну – на вялікім экране. «Беларусьфільм» атрымаў грошы на здымкі фільму, правы на які былі выкупленыя дзесяць гадоў таму. Калі ўлічыць, што студыя ў апошнія гады здымае кіно пра быццам злых палякаў, і добрых партызан пад час Другой сусветнай, хочацца верыць, што гэтае кіно не напампуюць ідэалогіяй дзейнага рэжыму.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Мастацкі фільм «Чорны замак Альшанскі», вытворчасць «Беларусфільм». Выхад у пракат – 1984 год, калі аўтар аднайменнага раману – Уладзімір Караткевіч пайшоў з жыцця. Ці паспеў паглядзець – не ведаем.

Праз 40 гадоў у 2024 годзе «Беларусьфільм» пакажа новую экранізацыю гэтага раману «Чорны замак», абвесціў гендырэктар кінастудыі ў эфіры тэлеканалу «Беларусь-1».

«Праекту не проста “быць”. Ён ужо ў рабоце. Фільм вельмі складаны ў плане пастановак, шмат складаных элементаў. Апроч таго, мы ўпершыню працуем з субсідыямі. То бок выдаткоўваюцца мэтавыя грошы», – паведаміў Уладзімір Карачэўскі.

Калі Мінкульт лічыць патрэбным зрабіць рэмэйк за бюджэтныя грошы, то чакаем лепшага, чым быў добра зроблены савецкі фільм. Што датычыць формы, БТ паказала новыя павільёны Кінастудыі, дзе здымуць частку кадраў. Рэшта здымкаў адбудзецца ў трыццаці лакацыях Беларусі, сярод якіх касцёл Святой Веранікі ў Селішчы, сядзіба Чапскіх у Прылуках, Мірскі замак. Архітэктурным жа прататыпам раману стаў Гальшанскі замак.

Далей – беларускага менш. Рэжысёр Кірыл Кузін – з Расеі. У 2014-ым годзе паказаў камерцыйную камедыю «Залетчики» у супрацы з «Comedy club», якая не акупілася ў пракаце. У 2015 годзе – серыял «Лонданград». І праз 6 гадоў – серыял «Сергий против нечисти». Сцэнарыст Глеб Шпрыгаў таксама з Расеі.

«Ён удзельнічаў у стварэнні фільмаў і серыялаў ідэалагічнага кшталту тыпу “Черный пес”, які выходзіў на “Беларусьфільме”. Там пра расейскіх ГРУшнікаў, якія ваююць супраць тэрарыстаў на тэрыторыі Беларусі», – зазначыў кінажурналіст ТарасТарналіцкі.

Фільм па матывах раману Караткевіча мае быць гістарычным дэтэктывам, а ў тых матывах – шмат беларускага і нічога – расейскага. Кінажурналіст сумняецца, што Уладзімір Караткевіч быў бы ў захапленні ад аўтараў праекту.

«Караткевічу ўвогуле шмат чаго не падабалася б! Яму б не падабалася і экранізацыя «Караля Стаха», але гэта пытанне хутчэй ідэалогіі. Можа літаратурная аснова фільму будзе Караткевіча, а што там ад яе застанецца ў сцэнары – трэба яшчэ паглядзець. Можа яе там перапішуць цалкам», – не выключае Тарналіцкі.

Колішні міністр культуры Павел Латушка кажа, што нацыянальная кінастудыя многія гады прадукуе кіно на патрэбы расейскага рынку. Сапраўднае нацыянальнае кіно – пад забаронаю, як гатовы, але не паказаны беларусам фільм «Купала».

«Калі Карачэўскі сёння кажа, што гэта будзе субсідыя – прамое ўкладанне сродкаў у гэты фільм, то я разумею, што хутчэй размова ідзе пра нацыянальны кінапраект. Калі стваралася рэформа нацыянальнага кіно ў маю бытнасць міністрам культуры, пад нацыянальным праектам разумелася, што гэта павінен быць твор нацыянальнага беларукага аўтара, што павінен быць рэжысёр і сцэнарыст з Беларусі, галоўныя ролі, якія выконваюць беларусы», – акцэнтуе Павел Латушка.

Ведаць больш будзем ужо неўзабаве. На гэтым тыдні – абарона пастановачнага праекту. Пасля яе – абвешчанне выканаўцаў галоўных роляў, сярод якіх дэклараваныя расейскія кіназоркі. Здымаць плануюць тры месяцы, а паказаць фільм – вясною 2024 году.

Юлія Цяльпук, «Белсат»