Адстаўка Лідзіі Ярмошынай


Чарговыя кадравыя змены, якія зладзіў сёння Лукашэнка, наўрад ці б выклікалі гэткі рэзананс, калі б не адно прозвішча. У адстаўку пайшла адна з верных палітычных спадарожніц кіраўніка Беларусі – нязменная цягам чвэрці стагоддзя старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына. Але ці стаяць за гучнай адстаўкай рэальныя змены ўва ўладнай сістэме? Распавядзе Валера Руселік.

Яна ўжо каторы год нібыта прасілася сысці на адпачынак, але працягвала агучваць сфальшаваныя вынікі ўсіх без вынятку выбарчых кампаніяў у краіне. Урэшце дапрасілася. Лукашэнка адправіў у адстаўку нязменную цягам 25 апошніх гадоў старшыню Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзію Ярмошыну.

«Можа прэтэндаваць на Кнігу рэкордаў Гінэса. Бо за яе плячыма – шэсць парламенцкіх і шэсць прэзідэнцкіх кампаніяў, і ніводная з іх не была прызнаная легітымнай. А калі гаварыць чалавечай мовай, то адпаведнай справядлівасці: гэта быў папросту падман», – канстатуе палітык Анатоль Лябедзька.

Новым старшынём ЦВК стаўся лідар праўладнай Камуністычнай партыі і да сёння міністр адукацыі Ігар Карпенка. Разам з прызначэннем Лукашэнка агучыў і задачы, якія стаяць перад чыноўнікам.

«Нас чакаюць няпростыя часы, пачынаючы ад рэферэндуму, правядзення яго. Вы чалавек дасведчаны: і ў гарвыканкаме працуючы, ведаеце, што такое гэтыя электаральныя кампаніі. Затым нам трэба будзе, упершыню ў гісторыі, у адзіны дзень галасавання абраць нашыя саветы і заканадаўчы орган улады – парламент і саветы. Ну і, натуральна, выбары прэзідэнта: здавалася б, і далёка яны, аднак не так і далёка», – пералічыў Лукашэнка.

Пры гэтым замена адной адыёзнай чыноўніцы на, бадай, не менш адыёзнага – крок абсалютна лагічны, упэўнены палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі. Як той казаў, мятла новая, а мяце па-старому. Менавіта Карпенка, яшчэ седзячы на пасадзе намесніка старшыні Менгарвыканкаму, забяспечваў патрэбныя вынікі на выбарах у сталіцы, а затым – ужо як міністр адукацыі – і наладжаную працу выбарчых камісіяў, а пасля леташняй кампаніі – і чыстку сістэмы ад нязгодных з рэжымам Лукашэнкі.

«Ігар Карпенка – гэта адданы кадр, так бы мовіць. І яшчэ штрых важны палягае ў тым, што ён міністр адукацыі. Як вядома, у тых самых выбаркамах касцяк менавіта школьныя працаўнікі і педагогі складаюць. Таму, сапраўды, досвед адпаведны ў яго ёсць», – заўважае Класкоўскі.

А вось Лукашэнка замену Ярмошынай на Карпенку прэзентаваў не менш як гістарычную падзею і вяршэнства дэмакратыі: маўляў, упершыню старшыню ЦВК – то бок прызначанага сёння Лукашэнкам Карпенку – паводле абноўленай Канстытуцыі, будзе зацвярджаць Усебеларускі народны сход.

«Гэта робіцца – змены ў Канстытуцыі – дзеля таго, каб выбарчы працэс быў больш незалежным і каб у людзей не было ніякіх сумневаў, што выканаўчая ўлада, кіраўнік дзяржавы будзе ціснуць на выбарчы працэс праз Цэнтральную выбарчую камісію і рэгіянальныя выбарчыя камісіі – тэрытарыяльныя, як мы іх называем», – патлумачыў Лукашэнка.

«Гэта будуць выдаваць за навацыю: маўляў, вось бачыце, не прэзідэнт, а народ зацвердзіў – гэта ж так дэмакратычна! Але ж мы ведаем, як усе гэтыя «ўсебеларускія сходы» фармаваліся і будуць, безумоўна, фармавацца. Там, можа, нейкія дэталі памяняюць, але сутнасць будзе тая самая: вертыкаль прызначае сама сябе і сваіх людзей вось у гэтае дзіўнае фармаванне», – тлумачыць Аляксандр Класкоўскі.

А таму калі і чакаць сапраўдных зменаў у Беларусі, то толькі са зменаю ўсяго палітычнага рэжыму. Ператасоўванне асобных вінцікаў пагоды не робіць.

Валера Руселік, «Белсат»