«Кропля камень точыць». Чаму важная сустрэча прэзідэнта ЗША і Ціханоўскай


Нечакана і неспадзявана. Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн сустрэўся са Святланаю Ціханоўскай напрыканцы віленскага саміту NATO. Вось як падсумавала сустрэчу абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская:

«Вельмі ўдзячная прэзідэнту за гэтую сустрэчу. Я данесла яму нашую пазіцыю, распавяла, што беларусы працягваюць змагацца за вызваленне сваёй краіны. Я радая, што ў нас атрымліваецца не публічна пагаварыць пра тое, што нам сапраўды важна. Беларусы могуць разлічваць на падтрымку ЗША».

Больш дэталяў у Офісе Святланы Ціханоўскай згодна з дыпламатычным пратаколам не раскрываюць. Яшчэ раней прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, выступаючы ў Віленскім універсітэце, згадаў Беларусь:

«Многія з вас, хто старэйшыя, лепш за іншых ведаюць, наколькі права вызначаць сваю будучыню, каштоўнае, дарагое для людзей паўсюль – не толькі ва Украіне, але і ў Беларусі, Малдове, Грузіі. Ва ўсіх месцах па ўсім свеце, дзе людзі працягваюць змагацца за тое, каб іхныя галасы былі пачутыя. Таму маё пасланне ўсім вам сёння: так трымаць. Не спыняйцеся».

Увага амерыканскага прэзідэнта падкрэслівае суб’ектнасць беларускага народу, мяркуе палітычны аналітык Аляксандр Класоўскі праекту «Позірк»:

«Гэта знак палітыкам іншых краінаў, краінаў Еўразвязу ў прыватнасці, што не варта беларускае пытанне запіхваць у цень рускага пытання. Бо ад таго, наколькі будуць шанцы на дэмакратызацыю Беларусі, настолькі будзе залежыць і бяспека ў рэгіёне».

Напярэдадні Святлана Ціханоўская сустракалася з прэзідэнтам Літоўскай Рэспублікі Гітанасам Наўседам ды іншымі знакавымі літоўскімі палітыкамі, а таксама з камандуючым войскамі ЗША і NATO у Еўропе Крыстафэрам Каволі. Франак Вячорка распавёў, пра што абраная прэзідэнтка гаварыла з амерыканскім генералам:

«Вызваленне Беларусі з-пад расейскай прысутнасці дапаможа Украіне перамагчы. Неабходна патрабаваць вываду расейскіх войскаў, ядравых боегаловак, а таксама галаварэзаў Вагнэра з Беларусі».

Пытанне палітвязняў гучала на кожнай сустрэчы падчас саміту, зазначае дарадца. Распавядалі і пра гібель Алеся Пушкіна. Сенатар ЗША Рычард Дэрбін, вярнуўшыся з Вільні ў Вашынгтон, выступіў у амерыканскім парламенце:

«Шмат каго з беларусаў пасадзілі ў турму за патрабаванне элементарных свабодаў. Ціханоўская і многія іншыя гераічна працягваюць змаганне, у тым ліку тыя, хто змагаецца, дапамагаючы Украіне. Гэты плакат паказвае двух зняволеных беларускіх журналістаў, якія працавалі для радыё «Свабода», якое робіць гераічную якасную журналістыку ў рэгіёне. Андрэй Кузнечык і Ігар Лосік».

Інструменты міжнароднай супольнасці надзвычай абмежаваныя, кажа Франак Вячорка, але нават іх трэба выкарыстоўваць напоўніцу.

«Кропля камень точыць. І сітуацыя ў рэгіёне такая, што ўсё дынамічна змяняецца пад сюжэтам вайны ва Украіне. І праз паўгода-год сітуацыя можа быць іншая. Можа зʼявіцца тое самае акно магчымасцяў для перамен у Беларусі», – зазначае палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Апроч пазіцыі Захаду, застаецца адкрытым пытанне рашучасці самых грамадзянаў Беларусі, зазначае прафесарка кафедры дзяржаўнага кіравання Атлантычнага ўніверсітэту Флорыды Паліна Прысмакова:

«Вяртаемся да беларускага народу, на што ён разлічвае, і чаго ён хоча. Так званы нейтралітэт. […] Калі Швецыя не можа быць нейтральнай, то як Беларусь можа быць нейтральнай, калі мы знаходзімся ў самым цэнтры?»

Каментуючы вынікі саміту NATO, Паліна Прысмакова зазначыла, што грамадзянам Беларусі трэба адмовіцца ад сваёй геапалітычнай нявызначанасці.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»