Рэжым Лукашэнкі выпускае боепрыпасы для расейскай арміі?


У Беларусі пачынаецца ўласная вытворчасць боепрыпасаў. Пра гэта стала вядома падчас сённяшняй сустрэчы Лукашэнкі з прадстаўнікамі «Белабаранпрам». Што гэта – рэальныя планы ці прапагандысцкі блеф? І куды маюць пайсці баепрыпасы, калі іх сапраўды пачнуць вырабляць? На патрэбы беларускай арміі ці на расейска-ўкраінскі фронт?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У Беларусі сталі выпускаць боепрыпасы – адсправаздачыўся перад Лукашэнкам «Белабаранпрам». Гаворка пра 122-міліметровыя рэактыўныя снарады для ўстановак «Град». Зборка нібыта адбываецца на прадпрыемстве, дзе сёння пабываў Лукашэнка.

Паводле «Беларускага Гаюна», гэта «БСЗТ – Новыя тэхналогіі» недалёка ад Дзяржынска. Гучыць цалкам праўдападобна, кажа вайсковы эксперт Паўло Лакійчук. Бо вырабляць некіраваныя рэактыўныя снарады нескладана.

«Саматужная вытворчасць рэактыўных снарадаў даступная нават тэрарыстычным арганізацыям, якія ваююць на Блізкім Усходзе. Палестынскія тэрарысты рэгулярна гэтак абстрэльваюць Ізраіль», – кажа ўкраінскі вайсковы эксперт Паўло Лакійчук.

«Добра, што мы не ўлезлі ў дарагія рэчы… Я не кажу, што тое не патрэбна. Яно патрэбна, але без гэтага перамогі ніякай не будзе на фронце», – заявіў Лукашэнка, разважаючы пра выпуск боепрыпасаў і зброі.

Расейская вайсковая тэхніка.
Фота: УНИАН / Telegram

Што гэта значыць? Ці Лукашэнка сабраўся ваяваць? Ці гаворка пра боепрыпасы і зброю для саюзніка-агрэсара? Днямі супольнасць чыгуначнікаў Беларусі паведаміла, што толькі за першы год поўнамаштабнае вайны Лукашэнка перадаў расейскай арміі больш за 130 тысячаў тонаў боепрыпасаў.

«Гэта не крытычна вялікая колькасць, але сімвалічны ўнёсак, які каштуе шмат жыццяў», – кажа Паўло Лакійчук.

Паведамлялася і пра пастаўкі з Беларусі танкаў і БМП. Беларускія боепрыпасы для «Градаў», імаверна, таксама паедуць на расейска-ўкраінскі фронт, мяркуе генерал-маёр запасу СБУ Віктар Ягун.

«Там выкарыстоўваецца цвёрдае паліва. І гэтыя ракеты доўга не ляжаць. Таму яны адразу пойдуць у ход», – кажа Віктар Ягун.

Але раней танкі і снарады, падобна, адпраўлялі патаемна. А тут Лукашэнка заяўляе пра выпуск боепрыпасаў у прысутнасці натоўпу журналістаў. Магчыма, рэверанс у бок Крамля.

«Ён такім чынам кажа: бачыце, мы не просім! Мы не стаім, як бедныя сваякі. Мы таксама дапамагаем. Мы таксама маем што даць», – разважае Віктар Ягун.

Нельга выключаць таксама, што гэты ваенна-прамысловы рэйд Лукашэнкі разлічаны на прапаганду і дэзынфармацыю.

«Калі ідзе вайна, то могуць быць розныя ўкіды з розных бакоў. Дзеля дэзынфармацыі, каб увесці ў зман праціўніка», – мяркуе палітолаг Дзмітрый Балкунец.

Паводле заявы Лукашэнкі, якую падхапіла «БелТА», у Беларусі маюць выпускаць ад дзесяці да пятнаццаці тысячаў снарадаў да ўстановак «Град». Але з кантэсту не зразумела, за які час: за месяц ці за год.

Валянцін Васіленка, «Белсат»