З Менску ў Варшаву са спазненнем на 4 гадзіны


Пасажырскія аўтобусы прыбываюць з Беларусі ў Варшаву са спазненнем. У сярэднім гэтае спазненне складае чатыры гадзіны. Прычынаю сталася закрыццё памежнага пераходу ў Баброўніках. Цяпер увесь пасажырапаток скіраваны праз адзін памежны пераход: «Варшаўскі мост». Чэргі з аўтамабіляў яшчэ даўжэйшыя – сцвярджаюць тыя, хто зусім нядаўна перасякаў беларуска-польскую мяжу.

Паводле Памежнага камітэту Беларусі, пасля таго, як Польшча закрыла памежны пераход у Баброўніках, нагрузка на іншыя кірункі вырасла. У ведамстве называюць і лічбы. Гэтак, за выходныя колькасць легкавых аўтаў, якія едуць у Еўразвяз, вырасла на 16%. Мы патэлефанавалі на гарачую лінію Памежнага камітэту Беларусі ды паспрабавалі даведацца, якая сітуацыя на памежным пераходзе ў Берасці:

«Па становішчы раз на раз не прыходзіцца. На дадзены момант там можа быць… увогуле не быць машын. А потым раз, пад’ехалі 10 машын і ўтварылася чарга. Таму выбару ў вас не надта шмат. Адзін пункт пропуску толькі працуе».

Польскі пункт пропуску «Тэрэспаль» прапусціў на сваю тэрыторыю на 32% больш аўтамабіляў ад нормы. Літоўскі «Райгардас» перавысіў норму на 61%. Таксама Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасць фураў, якія чакаюць заезду ў Еўразвяз, павялічылася на 20%. Грузавы транспарт збіраецца ў Казловічах, Прывалках і Каменным Логу.

У рэгіянальным пункце мытнага афармлення «Варшаўскі мост» нам параілі час, калі лепей усяго мінаць беларуска-польскую мяжу:

«- Падкажыце калі ласка, колькі зараз, прыкладна, па часе трэба стаяць на машыне ў чарзе, каб у Польшчу патрапіць?

– Я Вам такую інфармацыю не падкажу. Ніхто такой статыстыкі не вядзе. Усё залежыць ад таго, як палякі прымаюць машыны. А прымаюць яны мала. Ніхто ж не каштуе, не лічыць колькі займае ў машыны праехаць праз пункт пропуску па часе.

– І нават не падкажыце, у які час лепш ехаць? Днём, ноччу? Каб хутчэй было.

– З суботы на нядзелю.

– З суботы на нядзелю – гэта самы лепшы варыянт, так?

– Так!»

Некаторыя медыі сітуацыю на »Варшаўскім мосце« называюць калапсам. Ці праўда гэта? Адпаведнае пытанне мы задалі чалавеку, які аўтобусам мінаў мяжу літаральна дзень таму: «Я б не сказаў, што там такі ўжо сурʼёзны калапс. Мы стаялі на мяжы ў Берасці 4 гадзіны. Яно бывала, што ў Бераставіцы і Баброўніках мы стаялі такі самы час. Цяпер самая вялікая нязручнасць для людзей, якія часта ездзілі ў Беласток. Каб ім трапіць туды, цяпер трэба значна больш часу».

А тым часам пад будынкам генеральнага консульства Польшчы ў Горадні сабраліся людзі з чырвона-зялёнымі сцягамі. На пікет супраць закрыцця памежнага пераходу ў Баброўніках і наогул супраць, цытата, «несяброўскай палітыкі Польшчы». Некаторыя з прысутных трымалі плакаты: «НЕ закрыццю межаў», «Польшча, злезь з амерыканскай кабылы». Паводле нашых звестак, гэтыя людзі пайшлі на пікет у добраахвотна-прымусовым парадку.

А з 1 сакавіка дзяржаўнае прадпрыемства «Менсктранс» арганізуе дадатковыя штодзённыя рэйсы ў Варшаву і Вільню. Паведамляецца, што ў Польшчу аўтобус будзе адпраўляцца а 6:30 раніцы, а выязджаць з Варшавы гэты рэйс будзе а 7-й ранку. У Літву дадатковы аўтобус будзе стартаваць з Менску апоўдні, а вяртацца з Вільні а 18-й гадзіне вечара.

Руслан Ігнатовіч, Белсат