«Гэтая платформа зможа вярнуць беларускім настаўнікам магчымасць займацца любімай працай»


Знаёмцеся – гэта васьміног. І новы адукацыйны сайт – vasminoh.school. Да яго варта прыгледзецца і настаўнікам, і вучням, і бацькам. І захаваць сабе ў закладкі на будучыню. На гэтай старонцы маюць з’явіцца карысныя онлайн-урокі беларускай мовы, гісторыі і культуры, а таксама дапаможнікі ды падручнікі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Чаму такая назва? Кіраўнік праекту «Васьміног: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра» Аляксей Канстанцінаў тлумачыць:

«У вас узнікае пытанне: чаму? Нам хацелася, каб у людзей узнікалі пытанні, каб гэта было невідавочна. Васьміног – гэта хтосьці, хто не жыве ў Беларусі, але мы пра яго штосьці ведаем. І вельмі няпросты прадстаўнік воднага свету».

Маштабны праект прэзентавалі ў Вільні. Ён мае падтрымаць незалежную школьную адукацыю і даць свабодныя ад ідэалогіі веды. Паколькі беларускім школьнікам і надалей даводзіцца на сабе адчуваць аўтарытарны падыход, што застаўся ў спадчыну ад савецкай школы.

«Асноўная праблема беларускай школы: “Ты что, самый умный, что ли?”. Нам казалі ў школе, калі ты праяўляў нейкую ініцыятыву. Мы маем гэта перавярнуць, перавярнуць гэтае стаўленне», – кажа кіраўнік Беларускай рады культуры Сяргей Будкін.

«Гэта могуць быць сустрэчы з мастакамі, з прадстаўнікамі культуры. Напрыклад, Бахарэвіч можа расказаць старшакласнікам пра сваю апошнюю кнігу. Сустрэчы, пытанні, абмеркаванні. Фарматы будуць вельмі крэатыўныя», – распавядае дарадца Святланы Ціханоўскай у пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова.

Арганізатары называюць праект мосцікам, што злучыць вучняў і настаўнікаў, незалежна ад таго, дзе яны цяпер – у Беларусі ці па-за межамі краіны. У прыватнасці, дзеці, якія вучацца ў замежных школах, захаваюць магчымасць атрымліваць веды пра беларускую мову, культуру і гісторыю. А настаўнікі, што зазналі рэпрэсіі, захаваюць магчымасць самарэалізацыі.

«Гэтая платформа зможа вярнуць сумленным і звольненым беларускім настаўнікам магчымасць займацца любімай працай – вучыць дзяцей, не ідучы на здзелку з сумленнем і замест паслухмянасці вырошчваць у дзецях уменне думаць крытычна», – кажа Святлана Ціханоўская.

Што ж да колькасці настаўнікаў, якія страцілі працу з палітычных прычынаў, дакладных звестак няма, кажа Таццяна Шчытцова.  Перш за ўсё таму, што яны самыя не кажуць пра звальненне.

«Нават гэты год паказаў, што нічога не змянілася ў стаўленні ўладаў. І навучальныя ўстановы прыватныя былі зачыненыя, школы, праз увядзенне ліцэнзіяў, і настаўнікаў працягваюць звальняць».

Абяцаюць падтрыманне і бацькам школьнікаў.

«У нас там будзе цэлы бацькоўскі сход на платформе, і онлайн, і офлайн. Там будзе псіхалагічнае падтрыманне. Групы ў дыяспарах і групы ў Беларусі. Дзяліцца вопытам, дапамагаць адно адному ў доступе дзяцей да добрай адукацыі», – распавядае Аляксей Канстанцінаў.

Праект «Васьміног», які мае стварыць падмурак для будучай рэформы школьнай адукацыі ў Беларусі, а таксама падтрымаць адукацыйныя ініцыятывы, паўстаў намаганнямі: міжнароднага кансорцыуму «ЕўраБеларусь», Офісу Святланы Ціханоўскай і Беларускай рады культуры. Еўразвяз вылучыў на яго адзін мільён еўраў.

Анастасія Русецкая, «Белсат»