У Польшчы прызначылі новага прэм'ер-міністра


«Я хачу, каб Польшча магла ўзяць на сябе супольную адказнасць за ахову еўрапейскіх межаў і за ахову тэрыторыі Еўропы», – кажа Доналд Туск. Бальшыня дэпутатаў польскага парламенту прагаласавала за ягонае абранне прэмʼер-міністрам краіны.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«З заўтра мы здолеем ліквідаваць крыўды, каб усе ў Польшчы, усе без выключэння польскія грамадзяне і грамадзянкі сапраўды пачуваліся як удома, – прамаўляе Туск. – І я магу абяцаць гэта сёння. Яшчэ раз дзякуй Польшчы, гэта сапраўды цудоўны дзень».

Урад Туска, які складаецца з кааліцыі «Грамадзянскай платформы» ды абʼяднанняў «Трэцяя дарога» і «Новыя левыя», прыйшоў на змену васьмігадоваму кіраванню ўраду кансерватараў з партыі «Закон і справядлівасць».

«Я думаю, што часам “Закон і справядлівасць” была, магчыма, занадта агрэсіўная ў нашай палітыцы ды, магчыма, не спрабавала знайсці паразумення з іншымі краінамі вакол Польшчы», – мяркуе жыхар Катавіцаў Томаш.

«Папярэдні ўрад быў антыеўрапейскі, таму мы шмат чаго ўпусцілі. Цывілізацыя рухаецца наперад, а мы павінны быць разам з Еўропаю», – разважае Магдалена – менеджарка з Варшавы.

Змена ўлады сталася вынікам кастрычніцкіх выбараў у Сейм, якія суправаджаліся рэкорднай яўкаю выбарнікаў. Дый пасля кампаніі за трансляцыямі паседжанняў Сейму ў рэжыме онлайн назіраюць сотні тысяч асобаў.

«Сапраўдная палеміка, сапраўдныя падзеі. Ўсё мяняецца. Пасля васьмі гадоў застою – штосьці жывое, новыя людзі», – не хавае захаплення журналіст Вацлаў Радзівіновіч.

Сусветныя лідары ўжо прывіталі Дональда Туска на пасадзе прэмʼер-міністра Польшчы. Сярод іх – абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская:

«Паважаны спадар Туск, віншую з абраннем на пасаду прэм’ер-міністра Польшчы. Я ўдзячная вам за ўсю дапамогу, якую вы аказвалі Беларусі на працягу доўгіх гадоў. І спадзяюся на шчыльнае супрацоўніцтва, якое паскорыць дэмакратычныя працэсы ў нашай краіне. Асабліва важна для нас вызваленне ўсіх палітвязняў, у тым ліку журналіста Анджэя Пачобута. Я ўпэўненая, што вашае лідарства і здольнасць да стратэгічнага бачання будуць моцным стымулам для ўмацавання і развіцця польска-беларускіх адносінаў».

Лідар апазіцыйнай «Koalicji Obywatelskiej» Дональд Туск галасуе на парламенцкіх выбарах у Польшчы. 15 кастрычніка 2023 года.
Фота: Donald Tusk / X

Сёння стасункі паміж лукашэнкаўскаю Беларуссю і Польшчай – у стане глыбокай замарозкі. Межы амаль закрытыя – за выняткам двух пунктаў пропуску. Колькасць жа персаналу амбасадаў і консульстваў скарочаная да мінімуму.

Сярод асноўных супярэчнасцяў – арганізацыя афіцыйным Менскам гібрыднай агрэсіі на мяжы з Еўразвязам, катаванне і ўтрыманне ў турмах палітвязняў, у тым ліку прадстаўнікоў польскай меншасці – як журналіст Анджэй Пачобут. Нарэшце, суўдзел Лукашэнкі ў вайне на баку Расеі і наданне тэрыторыі Беларусі для агрэсіі супраць Украіны.

«Магчымае змякчэнне нейкіх мераў, якія існуюць у самой Польшчы, адносна тых жа падзеяў на мяжы. Але на прынцыповым узроўні я б не чакаў нейкага пацяплення да Менску», – мяркуе рэдактар «Беларускага Штогодніка» Вадзім Мажэйка.

Хаця Аляксандр Лукашэнка раней з нейкай прычыны выказваў спадзеў на паляпшэнне стасункаў з Польшчаю пасля прыходу новага ўраду:

«Надзея нейкая ёсць, што яны ўсё-такі галаву ў рукі возьмуць і будуць працаваць над тым, каб наладзіць зносіны».

Дональд Туск паслядоўна крытыкаваў парушэнні правоў чалавека ў Беларусі – як перад сваім папярэднім абраннем на пасаду прэмʼер-міністра Польшчы ў 2007-ым годзе, гэтак і пазней, падчас працы на пасадзе старшыні Еўрапейскай рады.

У 2005-ым прыехаў у Беларусь як віцэ-спікер Сейму і падтрымаў чальцоў Саюзу палякаў, якія ўжо тады зазнавалі пераслед з боку Лукашэнкі. Два гады пазней лукашэнкаўскія памежнікі не ўпусцілі яго ў нашую краіну. МЗС Беларусі назвала перабыванне Туска ў нашай дзяржаве непажаданым.

А ў 2020-ым Туск вітаў супраціў беларускага народу фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і ґвалту з боку сілавікоў:

«Мы, палякі, маем адмысловую нагоду, каб падтрымаць нашых братоў і суседзяў у іхным мірным змаганні. Ведаю, што няма бяспечнай Польшчы без вольнай Беларусі. Жыве Беларусь!»

Зрэшты, нейкія кантакты паміж Польшчай і рэжымам Лукашэнкі ўсё ж такі магчымыя.

«Напрыклад, не перапыняць транзіт грузаў – так, на такое дамовіцца можна. Або не супрацьстаяць допуску беларускіх спартоўцаў да нейкіх падзеяў. Гэта заўсёды пытанне балансу, вызваленне якіх палітвязняў і на якіх умовах магчымае», – мяркуе Вадзім Мажэйка.

Да выканання абавязкаў прэмʼер-міністра Дональд Туск прыступіць пасля прыняцця ягонай прысягі прэзідэнтам Анджэем Дудам. Цырымонія запланаваная на сераду, 13-га снежня.

Ян Федаровіч, «Белсат»