«У нас няма прыватнай уласнасці, і гэтае права абсалютна не паважаецца. Ёсць толькі ўласнасць Лукашэнкі»


Замежныя інвестары, да пабачэння. Лукашэнка заявіў аб нацыяналізацыі прадпрыемстваў, гаспадары якіх сышлі з беларускага рынку. Неадкладна развязаць гэтае пытанне ён даручыў сёння на нарадзе з прызначэнцамі, сярод якіх – новыя кіраўнікі раёнаў. Ці варта казаць пра канец эпохі замежных інвестыцыяў у Беларусі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Як чыноўнікам трэба дзейнічаць з «безгаспадарнымі» замежнымі прадпрыемствамі, Лукашэнка распавёў на прыкладзе «МакДоналдсу». Маўляў, сетка рэстаранаў працуе, як і працавала, але прадпрыемства цяпер беларускае. Паводле выдання «Наша ніва», прыглядаць за «МакДоналдсам» паставілі бізнесоўца Аляксея Алексіна. Бо зверху спусцілі ўстаноўку: ніякіх расейцаў на рынку.

«Я, шчыра кажучы, не здзіўлены. Таму што Алексін вельмі блізкі да ўладаў бізнесовец. У Еўропе і на Захадзе яго называюць гаманцом Аляксандра Лукашэнкі», – падзяліўся меркаваннем журналіст Беларускага расследавальніцкага цэнтру Алесь Ярашэвіч.

На думку Алеся Ярашэвіча, у цяперашняй сітуацыі ў Лукашэнкі засталося невялікае кола людзей, якім ён давярае. І Алексін якраз – адзін з іх.

«Ёсць набліжанае кола бізнесоўцаў, алігархаў, якія атрымліваюць ад беларускіх уладаў льготы, прэферэнцыі ў розных галінах, зарабляюць на гэтым грошы. І гэтыя грошы трэба кудысьці дзяваць. А паколькі Алексін знаходзіцца пад санкцыямі ЗША, Еўропы, то інвеставаць за мяжу складана», – дадаў Алесь Ярашэвіч.

Рэжым Лукашэнкі ўжо неаднаразова нацыяналізаваў прадпрыемствы з замежным статутным капіталам. Напрыклад, у 2015 годзе ўлады адабралі «Мотавелазавод» у аўстрыйскай кампаніі, а інвестара арыштавалі, цытата, «за невыкананне бізнес-плану». Сёлета стала вядома, што дзяржаўным стаў Мёрскі металапракатны завод.

«У нас няма прыватнай уласнасці, і гэтае права абсалютна не паважаецца. Ёсць толькі ўласнасць Лукашэнкі. Ён разважае як фермер нейкі, але без павагі да прыватнай уласнасці, што неабходна для развіцця бізнесу», – распавёў дарадца Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой (ABBA) Яраслаў Кот.

Месяц таму Лукашэнка падпісаў указ, якім забараніў так званым «непрыязным» замежным інвестарам рэарганізоўваць кампаніі ды сыходзіць з бізнесу. У пералік «непрыязных» першапачаткова трапілі 190 кампаніяў. Затым дадалі яшчэ шэсць. Прычына гэткай рыторыкі, мяркуе Яраслаў Кот, – Лукашэнку абразілі санкцыі.

«У гэтых істэрычных маналогах апошніх больш “прадзімае” крыўда менавіта на інвестараў. Ён не ўсведамляе, што гэта не зусім ад іх залежыць. Чаму яны павінны рызыкаваць, марнаваць сродкі? Ён не разумее, што для іх гэта стратна», – адзначыў Яраслаў Кот.

У такіх умовах, паводле эксперта, замежныя інвестары будуць прыходзіць у Беларусь, але не з цывілізаваных краінаў, а з так званых дзяржаваў-ізгояў.

Ірына Юр’ева, «Белсат»