У Беларусі пачаўся дэфіцыт лекаў


Чыстыя вуліцы, адсутнасць бандытызму, найлепшая ў свеце малочная прадукцыя і, вядома, бясплатная медыцына. Гэткі стандартны набор міфаў пра Беларусь. Але ці праўда ўсё гэта? Як высветліў «Белсат», жанчыны, хворыя на рак малочнай залозы, не могуць атрымаць бясплатна прэпарат тамаксіфен. Згодна ж з пастановаю Міністэрства аховы здароўя нумар 65 ад 16-га ліпеня 2007 года, тамаксіфен мусіць быць абсалютна бясплатны для тых, хто мае ў ім патрэбу.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Мы патэлефанавалі ў Менскі анкалагічны цэнтр, каб даведацца пра сітуацыю больш падрабязна:

– Анкалогія, добры дзень.

– Падкажыце калі ласка, як я магу выпісаць тамаксіфен сабе? Рэцэпт узяць. Я магу да вас пад’ехаць?

– Так, рэцэпт можна пад’ехаць у любы час узяць з 9 да 7. Калі ласка. Можна нават з 8. Але справа ў тым, што тамаксіфен у нас зараз толькі платны.

– Ого! А раней жа быў бясплатны. Калі гэта памянялася?

– Раней быў бясплатны. Гэта не памянялі. Проста няма паставак бясплатнага тамаксіфена. Ён ішоў з Украіны і Ізраілю. Цяпер паставак няма.

Ва Украіне гэты прэпарат вырабляе фармакалагічная кампанія «Здароўе» ў Харкаве. Нашыя спробы туды датэлефанавацца былі беспаспяховыя. Горад увесь час пад расейскімі абстрэламі, а апошнія дні наогул няма святла і вады. Цяпер можна смела сказаць, што кожная ракета, запушчаная з тэрыторыі Беларусі па Украіне, – гэта і наўмыснае забойства беларусаў.

Чым жа так важны тамаксіфен?

«Тамаксіфен ёсць так званым антыгарманальным прэпаратам. Ён блакуе рэцэптары для эстрагену на клетках пухліны. Так ён перашкаджае развіццю той пухліны, якая мае шмат эстрагенавых рэцэптараў. Тыя, хто пачаў прымаць антыгарманальныя лекі, павінны іх прымаць да таго часу, пакуль яны працуюць. Калі раптоўна спыніць прыём такіх лекаў (напрыклад, таму што надакучыла ці таму што лекаў своечасова няма), пухліна можа пачаць расці вельмі хутка. Гэта будзе прагрэсія пухліны», – распавёў нам анколаг, які пажадаў застацца ананімным.

Ксенія Фёдарава – беларуска, у якой выявілі злаякасную пухліну грудзей. Яна рабіла аперацыю і праходзіла курс хіміятэрапіі ў Беларусі, а курс апраменьвання ў Нямеччыне. Для мясцовых жыхароў там таксама бясплатная медыцына. А што ў Беларусі?

«Калі вы заедзеце ў Бараўляны і паглядзіце на чаргу, якая сядзіць. У мяне складалася часам уражанне, што на хворага на анкалогію вылучаецца 2-3 хвіліны. Не таму, што дактары дрэнныя. А таму што на іх такая вялізная нагрузка. У іх проста не хапае часу разгледзець дыягназ, пагутарыць з пацыентам і абмеркаваць многія рэчы», – кажа Ксенія Фёдарава.

А як жа з іншымі лекамі? У чат-бот тэлеграм-каналу «Белсату» звярнуўся чытач, які наракае на адсутнасць у аптэках інсуліну:

«Слуцк. Для дыябетыкаў няма інсуліну. Абяцалі, што да студзеня хопіць, але ўжо ў кастрычніку скончыўся. Доктарка сказала, што такая сітуацыя па ўсёй краіне. Будзем жыць».

Мы праверылі інфармацыю ў дзясятка фармацэўтаў у розных гарадах Беларусі. Калі верыць аптэкарам, дэфіцыту інсуліну нідзе няма. Калі ж у вас ёсць іншыя звесткі, пішыце ў наш тэлеграм-канал. Ананімнасць гарантуем.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»