Дэмакратычная Беларусь выступіла на саміце NATO


Паўночнаатлантычны Альянс прымаў гістарычныя рашэнні зусім блізка ад нас, і было б невыгодна для Беларусі, калі б там ніхто не прадстаўляў наш народ. Але краіны NATO запрасілі да ўдзелу ў падзеях і перамовах дэлегацыю ад дэмакратычнай Беларусі на чале са Святланай Ціханоўскай. Проста ў гэтыя хвіліны ў Вільні выступае прэзідэнт ЗША, і абраная прэзідэнтка Беларусі – сярод запрошаных на гэтую прамову.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Байдэн, прэзідэнт ЗША ў 30 км ад мяжы з Беларуссю. І спадзяюся, што ён адчуе беларускі боль», – кажа Святлана Ціханоўская.

Тое, што прадстаўнікоў дэмакратычнай Беларусі запрасілі на спіч прэзідэнта ЗША – гэта вельмі важны знак, кажа Святлана Ціханоўская:

«Нас ведаюць, нас бачаць і нас цэняць. І што я хацела б пачуць у прамове прэзідэнта ЗША – словы аб падтрымцы Беларусі, аб тым, што трэба падтрымліваць беларусаў, якія змагаюцца супраць рэжыму, за незалежнасць і суверэнітэт Беларусі».

Упершыню абраная прэзідэнтка Беларусі сустракалася з Джо Байдэнам ажно 2 гады таму. Тады Байдэн выказаў падтрымку беларускаму народу ў барацьбе за дэмакратыю і базавыя правы чалавекам звацца.

Сёння Беларусь не стала галоўнай тэмай саміту NATO, але ўсе палітычныя сілы сочаць за тым, што адбываецца ў нас.

«Тое, што “Вагнэр” можа быць у Беларусі, – гэта кепскія навіны і для апазіцыі, бо “вагнэраўцы” вядомыя сваёй жорсткасцю і брутальнасцю, але і для Украіны – як пагроза адкрыцця другога фронту», – патлумачыў «Белсату» старшыня Мюнхенскай канферэнцыі бяспекі Крыстаф Гойсген.

Блок NATO пракаментаваў магчымы прыезд «вагнэраўцаў» у Беларусь у выніковым камюніке: гэта ўплывае на рэгіянальную стабільнасць гэтаксама як і паглыбленне вайсковай інтэграцыі з расейцамі. Паўночнаатлантычны альянс патрабуе, каб Беларусь спыніла пасобніцтва Расеі ў вайне супраць Украіны і вярнуцца да выканання міжнароднага права. NATO асуджае намер размясціць расейскую ядравую зброю ў нашай краіне. Хаця і палітыкі, і эксперты кажуць, што доказаў размяшчэння гэтых боепрыпасаў у Беларусі пакуль няма.

«Ядравыя пагрозы паказваюць, куды так званы прэзідэнт Лукашэнка прывёў краіну. Ён зрабіў Беларусь фішкай у расейскай палітычнай гульні, фішкай для Пуціна, які цяпер, не пытаючы, вызначае, ці размяшчаць там ядравую зброю», – падкрэслівае Крыстаф Гойсген.

Сняданак жанчын на Саміце НАТА
Святлана Ціханоўская падчас здымку удзельніц сняданку жанчын на саміце НАТА ў Вільні. 12 ліпеня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Але гэта адбываецца насуперак волі беларускага народу, падкрэслівае Святлана Ціханоўская:

«У такіх рэчах важны пасыл, што гэта пагроза не ад Беларусі, а ад рэжыму».

Уласна навошта абраная прэзідэнтка Беларусі афіцыйна ўдзельнічае ў саміце NATO – каб нашыя суседзі працягвалі падтрымліваць беларускі народ у барацьбе за свабоду ад тыраніі. Пра гэта яна казала ў прамовах на сайд-івэнце саміту і на сустрэчы жанчын-лідарак Альянсу, у тым ліку міністарак абароны і ўкраінскай віцэ-прэм’ера. Сёння ж на палях саміту Святлана Ціханоўская абмеркавала новыя санкцыі супраць Лукашэнкі на сустрэчы з бельгійскай міністаркай замежных справаў Хаджой Ляліб. У наступным годзе Бельгія будзе старшынстваваць у Еўразвязе.

Але нагадваць саюзнікам пра незалежнасць Беларусі ўсё цяжэй.

«Незалежная Беларусь – гэта штосьці, да чаго трэба дайсці ў будучыні. Але цяпер яна страціла суверэнітэт. Калі паглядзець на сітуацыю мілітарную, на сітуацыю з санкцыямі, то мы бачым, што Беларусь – гэта пэўны працяг Расеі ў практычным сэнсе», – заявіў прэмʼер-міністр Латвіі Артурс Карыньш.

Гаспадар саміту выказаўся яшчэ больш рэзка.

«Беларусь становіцца рэальнаю праблемаю. Гэта ўжо не тая Беларусь, што была ў 2020 годзе. Не трэба ілюзіяў: гэтая краіна больш не мае незалежнасці, гэта цяпер яшчэ адна губерня Расейскай Федэрацыі», – заявіў у першы дзень саміту прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.

Абʼяднаны пераходны кабінет адказаў на словы Гітанаса Наўседы:

«Аб’яднаны пераходны кабінет лічыць, што такая трактоўка стварае памылковае ўспрыманне Беларусі ў свеце і спрыяе яшчэ большай ізаляцыі нашай краіны і нашага народу. Беларусь – гэта не губерня Расеі, і беларускі народ не дазволіць ёй такой стаць».

Разам з тым Абʼяднаны пераходны кабінет вітае супольную заяву прэзідэнтаў Літвы, Латвіі і Польшчы ды генсека NATO, што ў інтарэсах Альянсу – падтрымліваць беларускі народ у барацьбе супраць дыктатуры.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»