Лукашэнка можа паехаць на саміт ААН, прысвечаны мэтам устойлівага развіцця


«У гэты богаславёны момант аднаўлення праз веру давайце ўздымем нашыя сэрцы і галасы дзеля міру – нашай пуцяводнай зоркі ды самай жаданай мэты. Давайце памолімся аб міры». Гэтыя прыгожыя словы Гутэрыш прамаўляў падчас сёлетніх Велікодных святаў і традыцыйнай малітвы за мір. Маліўся чыноўнік у штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку. Туды ж ён цяпер запрасіў Лукашэнку.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Такім чынам, узурпатар можа паехаць на саміт ААН, прысвечаны мэтам устойлівага развіцця, што мае адбыцца сёлета ў верасні. Перадала запрашэнне падчас свайго візіту ў Менск рэгіянальная дырэктарка Управы ААН для каардынацыі пытанняў развіцця Кўі-Ёп Сон. Спадарыня Кўі пахваліла рэжым за «надзвычайны прагрэс, дасягнуты Рэспублікай Беларусь на розных франтах».

«Напрыклад, возьмем пытанне медыцыны, аховы здароўя ў Беларусі. У Беларусі не хапае разам з медыцынскімі сёстрамі каляі 9 000 тысяч чалавек. Калі мы паглядзім на адну з мэтаў устойлівага развіцця, гэта адукацыя. Колькі было рэпрэсавана выкладчыкаў, прафесараў, настаўнікаў? Гэта тысячы асобаў. Колькі палітзняволеных студэнтаў? 37 асобаў», – кажа Павел Латушка.

Сапраўды, сярод мэтаў устойлівага развіцця, што Беларусь абяцала выконваць, ёсць пункты:

Годная праца і эканамічны рост, здароўе і дабрабыт грамадзянаў, а самае ж паказальнае – забеспячэнне міру, правасуддзя і эфектыўнасці дзяржаўных інстытутаў. На апошнюю мэту ААН давала Беларусі трынаццаць мільёнаў долараў. Выглядае, што рэжым дае справаздачы ў выгадным яму ключы, а ў ААН, хіба, проста няма адэкватных механізмаў аўдыту, кажа эксперт.

«Падтрыманне парадку. Мы змагаліся з хуліганствам, мы змагаліся з тымі, хто арганізуе масавыя беспарадкі. Дык чым не мэтавае засваенне грошай? Зноўку, мы там развівалі інстытут пракурорства, чысцілі шыхты адвакатаў ад ненадзейных элементаў. Таксама ж умацоўвалі мір і справядлівасць», – кажа кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін.

Таксама Кўі-Ёп Сон перадала лукашэнкавым чыноўнікам просьбу генеральнага сакратара ААН. Маўляў, дасягайце мэтаў устойлівага развіцця з улікам удзелу прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, прыватнага сектару і ўраду.

«Рэжым спрабуе стварыць чарговы раз пул такіх лаяльных арганізацыяў. Напрыклад, пра УНС там было напісана, што ствараецца пэўны ліст арганізацыяў, што быццам бы акрэдытаваныя і могуць прымаць удзел у грамадскай такой вось актыўнасці. Гэта будзе паказвацца і на міжнародным узроўні, што грамадскія арганізацыі, яны вось удзельнічаюць», – кажа дарадца Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях.

Дык што гэта на фоне знішчэння сапраўднай грамадзянскай супольнасці ў Беларусі? проста наіўнасць? А можа, занадта вялікая занятасць чыноўніцы ААН? Аднак, калі згадаць леташнія прапановы таго ж Гутэрыша наконт транзіту збожжа праз Беларусь і зняцця санкцыйных абмежаванняў з экспарту беларускага калію.

«Я б казаў, што гэта дадатковая ілюстрацыя таго, наколькі моцнае лобі ў міжнародных інстытуцыях тых, хто не жадае бачыць Беларусь свабоднай і дэмакратычнай. І нават не толькі Беларусь. Гэта значыць, што трэба працаваць. Трэба фармаваць сваё лобі. Дзеля таго, каб нашае лобі даносіла рэальную карціну», – дадае кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін.

Прынамсі, працаваць у гэтым кірунку працягне і каманда абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай, і Нацыянальнае антыкрызіснае ўпраўленне.

«Паказаць міжнароднай супольнасці, што тыя, маўляў, неймаверныя дасягненні, што былі заяўленыя цяпер, – гэта, насамрэч, не тое, што ёсць сапраўды. Рэпрэсіі не спыняюцца, палітычных зняволеных не становіцца меней, а толькі болей», – кажа дарадца Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр.

«Гэта рэжым, які не мае права прадстаўляць беларускі народ. І з гэтага трэба пачаць. Бо Лукашэнка ўзурпаваў уладу, ён не перамог на выбарах. Ён не мае права выступаць на трыбуне ААН, рабіць злачынствы. Пра які дыялог са злачынцам можа ісці размова? Злачынец мусіць сядзець у турме», – упэўнены Павел Латушка.

Сёння ў Пінску пахавалі Мікалая Клімовіча – чарговага загінулага ў лукашэнкаўскіх засценках палітвязня. Ад некаторых зняволеных апанентаў рэжыму навінаў няма месяцамі. Афіцыйны Менск падтрымлівае агрэсара ў вайне супраць Украіны, незаконна вывозіць з акупаваных тэрыторыяў украінскіх дзяцей. Рэгіянальная дырэктарка Управы ААН спадарыня Кўі-Ёп Сон вярнулася дадому, у дэмакратычную краіну.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»