Літоўскія бізнесоўцы збіралі крылы для беларускіх ударных дронаў супраць украінцаў


Скандал у Літве. Фірма, якая вырабляе кампаненты да авіяцыі, супрацоўнічала з беларускім вытворцам дронаў і баявых турэляў – пад прыкрыццём амерыканска-дубайскай кампаніі. Першы кантракт быў падпісаны на 600 тысячаў еўраў. Цяпер Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы высвятляе, чаму іх прадпрымальнікі не заўважылі вайны. Справа раскрылася дзякуючы літоўскім журналістам.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пакуль літоўскі народ збіраў грошы на дрон для ўкраінцаў, некаторыя бізнесоўцы ў літаральным сэнсе збіралі крылы для ўдарных дронаў супраць украінцаў. Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы правярае інфармацыю пра тое, што фірма «Sportinė aviacija ir Ko» з гораду Пацюнай супрацоўнічала з беларускай фірмай, якая займаецца вытворчасцю беспілотнай авіяцыі падвойнага прызначэння – і цывільных, і баявых дронаў. Гаворка пра кампанію «UAVOS», пад якой хаваецца кампанія «КВАНД ІС». Цяпер кіраўнік літоўскай фірмы апраўдваецца перад айчыннымі журналістамі.

«Чалавек пачаў размаўляць з намі па-расейску, у яго расейскае імя, і ён сказаў, што валодае кампаніяй “UAVOS” і жыве ў Менску. Ён гэтага не хаваў. Для нас гэта адразу запаліла чырвонае святло», – кажа кіраўнік «Sportinė aviacija ir Ko», ганаровы консул Бангладэш у Літве Сігітас Бясагірскас.

Сігітас Бясагірскас лукавіць. Фірма «UAVOS» яшчэ летась падпісала з ім кантракт на € 600 000 на вытворчасць крылаў для грузавога беспілотніка. Літоўская фірма чакала грошай і абавязалася навучыць працаўнікоў беларускай фірмы, як наладзіць масавую прадукцыю крылаў. Здзелка прыпынілася толькі таму, што прыватны літоўскі банк замарозіў грошы.

«Мы мусім спраўдзіць і пракансультавацца: ці не падвойнага прызначэння гэтыя вырабы. А крылы і платформа, на якую можна змантаваць дрон, – яўна прадукцыя падвойнага прызначэння», – кажа старшыня Камітэту нацбяспекі Сейму Літвы Лаўрынас Касчунас.

Што ж гэта за фірма «UAVOS», з якой супрацоўнічалі літоўцы? Яна мае адрасы офісаў у ЗША, Канадзе і Іспаніі, а ў Менску зарэгістраваная па адрасе праспект Пераможцаў, 26 – зусім недалёка ад Драздоў. Фірма супрацоўнічае з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй авіяцыі.

Афіцыйна ёй кіруюць Вадзім Тарасаў – ён жыве ў Арабскіх Эміратах, Аляксей Страцілатаў – жыве ў Каліфорніі, ён таксама акцыянер фірмы «КВАНД ІС», і ўласна Сяргей Тыцык, які рэгулярна ездзіў у Літву. Таксама жыве нібыта ў Эміратах.

На справе фірма «UAVOS» – беларуская. Яна супрацоўнічае з арабскімі вытворцамі зброі, займаецца баявымі модулямі, кіраванымі кулямётнымі турэлямі, у тым ліку каб збіваць дроны. Робіць беспілотныя верталёты, здольныя несці груз ці сеткай захапіць квадракоптар у паветры. Робіць грузавыя беспілотныя самалёты, здольныя несці грузы і праводзіць выведку.

Але на відэа ад псеўдаарабскай фірмы – тая самая каманда інжынераў, якая збірае дроны і блокі кіравання ў кампаніі «КВАНД ІС», зарэгістраванай у Менску. Тыя самыя людзі.

«Кампанія “Кванд ІС” цяпер арыентаваная на распрацоўванне дронаў для розных галінаў: ахова і бяспека, нафтагазавая галіна, метэаралогія, дастаўка грузаў у сапраўды цяжкадасяжныя лакацыі», – распавядаў у 2019 Сяргей Тыцык, уладальнік кампаніяў «Кванд ІС» і «UAVOS».

У гэтым інтэрв’ю выданню «Onliner» Сяргей Тыцык не кажа, што ягоная фірма займаецца баявымі сістэмамі. Але на сайтах вакансіяў ёсць інфармацыя, што «Кванд ІС» пастаўляе прадукцыю дзяржаўным прадпрыемствам. Вось ён у 2012-м годзе на Менскім авіярамонтным заводзе ля галоўнага інжынера Алега Манчанкі, а потым – побач з дырэктарам Яўгеніем Вайцеховічам, якія дэманструюць новы беспілотнік «Стэрх-БМ» сярэдняй дальнасці. Замоўнікі – Міністэрства абароны, унутраных справаў, надзвычайных сітуацыяў, КДБ. Аўтаматыка «Стэрха» распрацаваная фірмай «Кванд ІС».

«Сёння няма праблемы зрабіць апарат, які мог бы несці 25 кг, знаходзіцца 6 гадзін у паветры і лятаць за 300 км», – заяўляў у 2012-м дырэктар Менскага авіярамонтнага заводу Яўгеній Вайцеховіч.

Літоўскаму бізнесоўцу дастаткова было загугліць імя-прозвішча свайго кампаньёна і назву «Кванд ІС». Ён бы знайшоў артыкулы, у тым ліку на «Белсаце», што фірму «Кванд ІС» падазраюць у пасярэдніцтве ў пастаўках іранскіх дронаў у Расею. Але Сігітас Бясагірскас робіць выгляд, што нічога не ведаў.

«Сяргей Тыцык прадставіўся ад фірмы “UAVOS”, але ў ліставанні пазначаў, што кіруе беларускай фірмай «КВАНД ІС». Гэта было дзіўна. Тыцык сказаў, што мае шмат камандаў у Лацінскай Амерыцы і Афрыцы. Ён спытаў мяне, чаму мы працуем толькі з цывільнай прадукцыяй. Бо нашмат больш прыбытку дае выраб вайсковых тавараў», – распавядаў літоўскім журналістам кіраўнік «Sportinė aviacija ir Ko» Сігітас Бясагірскас, ганаровы консул Бангладэш у Літве.

Сёння Сігітас Бясагірскас адмовіўся каментаваць справу «Белсату». Ён таксама ўзначальвае Віленскі Саюз прамысловасці і бізнесу, а яшчэ ён ганаровы консул Бангладэш у Літве. Міжнародны кансорцыум журналісцкіх расследаванняў рабіў адмысловае расследаванне, як па ўсім свеце дзейнічае сетка з сотняў ганаровых консулаў, замешаных у арганізаваную злачыннасць, фінансаванне тэрарызму і адмыванне грошай. У студзені Латвія, Іярданія і Ізраіль па выніках расследавання ажно ператрэслі дыпламатычны корпус.

А беларускія журналісты знайшлі сярод ценевых ганаровых дыпламатаў кашалькоў Лукашэнкі: Сяргея Цяцерына, Паўла Тапудзізіса, Аляксандра Шакуціна, Аляксандра Зінгмана і іншых.

Таксама вядома, што Сігітас Бясагірскас наведваў Беларусь пасля таго, як Расея распачала адкрытую вайну ва Украіне.

«Я сутыкаўся з дзясяткамі выпадкаў розных кантрактаў з расейскімі і беларускімі кампаніямі ў стратэгічным сектары, якія выходзяць за межы нашай нарматыўна-прававой базы і непрымальныя для нас. І толькі некалькі літоўскіх кампаніяў сапраўды не ведалі, з чым маюць справу. Пазіцыя “мы не ведалі” ці “мы не мусім нічога правяраць” – падманлівая пазіцыя», – тлумачыць Кястуціс Будрыс, дарадца прэзідэнта Літвы ў справе нацыянальнай бяспекі.

Літоўскія журналісты скантактаваліся з Сяргеем Тыцыкам, які жыве ў Менску. Ён кажа, што ягоная фірма не мае нічога агульнага з Беларуссю.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»