Ці можна космас назваць нашым?


Зорка Героя ад Лукашэнкі, ордэн Гагарына – ад Пуціна. Першую беларускую касманаўтку абсыпаюць узнагародамі. Прапаганда ў захапленні. Пра Марыну Васілеўскую аператыўна пішуць песні. Білборды «Космас – наш!», чэленджы і флэш-мобы. У сёлетні Дзень касманаўтыкі ў Беларусі у Горадні з нагоды свята запусцілі ракету з тварожнымі сыркамі на борце. Калі ж сур’ёзна, то выхадцы з нашай краіны ў розныя гады адыгрывалі важную ролю ў асваенні космасу.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Казімір Семяновіч. Першым апісаў ідэю шматступеневай ракеты.

Сямён Косберг. Распрацаваў рухавік для палёту Гагарына.

Барыс Кіт. Распрацоўваў паліва для палёту на Месяц.

Паводле гісторыка Аляксея Ластоўскага, цяпер беларусам дакрануцца да космасу можна двума спосабамі. Або эміграваць у краіну з моцнаю касмічнаю праграмаю…

«Або іншы шлях. Калі вялікая дзяржава выкарыстоўвае касмічную праграму як магчымасць падтрымання добрых стасункаў са сваімі сатэлітамі. Савецкі Саюз вельмі любіў запускаць прадстаўнікоў савецкіх рэспублік у космас, потым – прадстаўнікоў саюзных дзяржаваў і гэтак далей», – заявіў гісторык Аляксей Ластоўскі.

Гэтак, у савецкі і постсавецкі час у космас лёталі беларусы Пётр Клімук, Уладзімір Кавалёнак і Алег Навіцкі. Што да цяперашняй місіі Васілеўскай, то, паводле Акадэміі навук, на МКС яна вывучала культываванне і захоўванне ўзораў прабіятычных штамаў малочнакіслых мікраарганізмаў і біфідабактэрыяў ва ўмовах касмічнага палёту.

«Яна проста праверыла, ці можна зрабіць ёгурт ва ўмовах космасу. Па-другое – яна завезла каўбасы з Інстытуту мясамалочнай прамысловасці ў космас, каб праверыць, як яны сябе павядуць у бязважкасці», – тлумачыць навуковец Сяргей Бесараб.

Марына Васілеўская.
Фота: Пасольства Беларусі ў Расеі / Telegram

У шырокім свеце ў той жа час распрацоўваюць больш амбітныя касмічныя праекты.

«Кітай хоча паляцець па-за межы геліясферы ў міжзорную прастору, што ў 100 разоў больш, чым адлегласць паміж Зямлёй і Месяцам. Гэта нават далей за Плутон», – распавёў аўтар Youtube-каналу «Открытый космос Зеленого кота» Віталь Ягораў.

Амерыканцы ж плануюць палёт чалавека на Месяц – упершыню за больш як паўстагоддзя. І нават збудаваць там базу. У маштабным праекце пад назваю «Артэміс» разам з НАСА бяруць удзел касмічныя агенцтвы Еўразвязу, Канады і Японіі. А кампанія Ілана Маска «SpaceX» праз пяць гадоў плануе палёт чалавека на Марс. Марсіянскія амбіцыі мае і «Раскосмас». Няўжо і зоркалёты неўзабаве стануць рэальнасцю?

«На жаль, гэтыя планы далёкія ад рэалізацыі. А самае галоўнае, што ў гэтым няма ніякай патрэбы. Таму на нашым жыцці мы будзем сведкамі асваення толькі нашай Сонечнай сістэмы. Калі не адбудзецца ніякага прарыву ў спазнанне законаў фізікі», – дадае Віталь Ягораў.

Зрэшты, палёт Гагарына таксама калісьці здаваўся цудам.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»