Польскі эксперт: добра было б захаваць хоць 1 адкрыты памежны пераход з Беларуссю


Трупы пад снегам. Лукашэнка паскардзіўся Пуціну на палякаў, літоўцаў і латышоў, традыцыйна абвінаваціўшы іх у забойствах: «Праз плот выкідаюць іх нам на мяжу. Цяпер снег растаяў – трупы валяюцца наўпрост на мяжы».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Літаральна ў панядзелак Лукашэнка згадваў усё той самы снег:

«Навошта нам хлусіць? Паглядзіце, колькі трупаў валяецца сёння на мяжы. Жах! Снег сышоў, мне кожную раніцу дакладваюць: яшчэ больш іх выкідаюць!»

У Польшчы ж да лукашэнкаўскай дэзынфармацыі прызвычаеныя.

«Снег ужо даўно знік, не ведаю, у якім свеце жыве Лукашэнка, але ўжо даўно і ў нас, і ў Беларусі – вясна. Усё гэта дзіўна, але не ўпершыню. Можа, узрост такі», – каментуе эксперт у справах Беларусі з польскага Цэнтру ўсходніх даследаванняў (OSW) Каміль Клысіньскі.

Напярэдадні прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск на сустрэчы з эстонскаю калегай Каяй Калас заявіў пра сігналы, якія сведчаць, што рэжым Лукашэнкі рыхтуе эскалацыю мігранцкага крызісу.

«Я тлумачыў і заклікаў усіх нашых еўрапейскіх партнёраў ставіцца да нелегальнай міграцыі як да рэальнага прыярытэту, каб увесь Еўрапейскі Звяз – не толькі Польшча – прызнаў неабходнасць абароны нашае тэрыторыі, абароны мяжы, кантролю мяжы», – зазначыў прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск.

пограничный пункт, Тересполь-Брест, памежны пункт, «Тэрэспаль – Берасце», польско-беларусская граница, беларуска-польская мяжа, Польшча, Польша, Беларусь
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Памежны пераход «Тэрэспаль-Берасце» з польскага боку. Тэрэспаль, Польшча. 9 красавіка 2024 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Вялікі мігранцкі крызіс на мяжы Беларусі з краінамі Еўразвязу распачаўся ўвосень 2021-га. Раней Лукашэнка адкрыта казаў, што перастане ахоўваць мяжу – у адказ на санкцыі, уведзеныя за фальсіфікацыю выбараў, масавыя рэпрэсіі і пасадку самалёта «Ryanair».

Заходнія краіны наўпрост абвінавачваюць рэжым у выкарыстанні мігрантаў для гібрыдных атакаў.

Усё гэта прывяло да новых санкцыяў, пабудовы памежных платоў, а таксама да закрыцця памежных пераходаў на мяжы з Польшчай, Літвой і Латвіяй. У сукупнасці з чыгуначнай і авіяцыйнай блакадай, паездкі беларусаў на Захад сталіся выпрабаваннем са шматгадзіннымі чэргамі, а нярэдка і дадатковымі сотнямі кіламетраў дарогі.

«Вядома, што Пуціну і Лукашэнку што на беларусаў, што на простых мігрантаў – цалкам напляваць. Усе мы тут пакутуем, цярпім. Таму вельмі важна памятаць, хто ў гэтым вінаваты. Вінаватыя не мігранты, вінаватая ў першую чаргу не Еўропа – вінаваты Лукашэнка і Пуцін, якія гэта прадукуюць», – звяртае ўвагу каардынатар «Нашай візіі» Вадзім Мажэйка.

Разам з тым, беларускі аналітык мяркуе: варта было б чакаць ад заходніх суседзяў больш канцэптуальных рашэнняў, бо стварэнне чэргаў на межах не спрыяе ані Беларусі, ані краінам Еўрапейскага Звязу. Аднак польскі эксперт Каміль Клысіньскі не бачыць падставаў для аптымізму:

«Найбольш станоўчым варыянтам на гэты момант пры такой палітыцы Менску і Масквы ёсць захаванне таго, што ёсць».

Цяпер паміж Беларуссю і Польшчаю працуе толькі адзін пераход для пасажырскага злучэння – «Берасце-Тэрэспаль».

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»