Дзіўны ліст прыйшоў ад палітзняволенай Кацярыны Новікавай


Рэдакцыя «Белсату» праз свае крыніцы атрымала ліст ад палітзняволенай Кацярыны Новікавай. Яна напісала пра тое, як жорстка яе затрымлівалі і як ёй цяпер жывецца. Пра тое, што адвакаты – «ніякія». Што медычнай дапамогі амаль няма, як і ліставання. Забаранілі нават малюнкі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Білі па галаве і зневажалі, як маглі». Шакавальныя факты прывяла Кацярына Новікава ў лісце з калоніі. Зроблены гэты допіс чамусьці на кавалку туалетнай паперы.

«Чаму ён напісаны на такой паперы – я не разумею, ніхто не разумее, – адзначыла знаёмая Кацярыны, журналістка Алена Дубовік. – Але почырк дакладна ейны, гэта сапраўды пісала яна. Як гэта адбылося, як гэты ліст увогуле выйшаў за сцены СІЗА – ну гэта нейкі цуд».

Сябры Кацярыны, атрымаўшы ліст, зразумелі: гэта крык аб дапамозе, дзяўчыну фактычна забіваюць. Таму і пастанавілі агучыць. Вось толькі дзве кароткія цытаты:

«Падчас затрымання мяне біў супрацоўнік ГУБАЗіК Васілевіч Іван, потым везлі на Рэвалюцыйную, 3 і ставілі на сцяг, білі ўсім кабінетам. Сказалі, што гэта за маё інтэрв’ю, канал і за мае палымяныя звароты».

«Я ўпала з другога паверху ложка, галавой аб драўляную лаву. Здымак зрабілі, але больш за месяц не паведамляюць выніку».

Кацярыну Новікаву схапілі на пачатку мінулага лета. Асудзілі паводле 7 артыкулаў на шэсць з паловаю гадоў калоніі і прызначылі вялікі штраф. За тое, што яна нібыта замінала працаваць міліцыянтам і зневажала іх. Насамрэч – за актыўную грамадзянскую пазіцыю. Пра прынцыповасць Каці ўзгадвае і Алена Дубовік. Ім разам давялося пасядзець на Акрэсціна падчас паслявыбарчых пратэстаў.

«Вельмі абвостранае пачуццё справядлівасці ў яе. Вось яшчэ тады на Акрэсціна гэта стала зразумела. Таму вось гэтыя 7 артыкулаў, якія робяць з яе нейкую неверагодную злачынцу, – ну, гэта проста абсурд!»

Такія ж выпрабаванні выпалі на лёс іншых жанчын, асуджаных за антылукашэнкаўскую дзейнасць. Пра тое, як беларускі мусяць выжываць за кратамі, ішлося падчас тэматычнай онлайн-дыскусіі. У ёй брала ўдзел, у тым ліку, стваральніца і аўтарка праекту «Палітвязынка» Яўгенія Доўгая.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жаночая калонія.
Фота: Наталля Прыгодзіч / imenamag.by

«Некалькі чалавек пацвердзілі звесткі, што ў Марыі Калеснікавай вельмі моцныя праблемы са здароўем. Што ў яе праблемы з высокім ціскам таксама. І ёй не аказваюць медычную дапамогу, яна вельмі саслабела».

Некаторыя «сродкі ўздзеяння» на апанентак рэжыму балюча б’юць па семʼях і дзецях палітзняволеных – дадала Яўгенія Доўгая.

«Проста ў калонію, напрыклад, прыходзіць пракурор з лістом, што пэўная жанчына падпадае пад дэкрэт №18. Яе пазбаўляюць бацькоўскіх правоў, а дзяцей адпраўляюць у прытулак або нехта са сваякоў бярэ пад апеку. Усё гэта робіцца пад ціскам, у тым ліку, прымушаюць пісаць заяву на памілаванне».

У такіх выпадках закон прымушае зняволеных плаціць аліменты на ўласнае дзіця. Таму па заканчэнні турэмнага тэрміну іх чакае вялізарны доўг.

Марына Яновіч, «Белсат»