Расея і Беларусь ствараюць агульную базу апальных творцаў?


Цэнзура – адна на дваіх. Беларускія прапагандысты адмянілі паказы фільмаў Аляксандра Сакурава, якія меліся адбыцца днямі ў Менску. Рэжысёр выступае супраць уварвання Расеі ва Украіну і цяпер у апале да дзейнага кіраўніцтва краіны, паводле ягоных словаў, з 2023-га Крэмль забараніў яму здымаць кіно.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

І зноў цэнзура. У Менску адмянілі паказы фільмаў расейскага рэжысёра Аляксандра Сакурава. Спецыяльныя кінапрагляды ягоных стужак «Сонца» і «Казка» з удзелам рэжысёра меліся адбыцца з адзінаццатага да трынаццатага сакавіка ў «Falcon Club Бутик Кино». Аднак напярэдадні пляцоўка заявіла пра адмену паказу з прычыны «тэхнічных праблемаў». Славуты рэжысёр не стаў замоўчваць сітуацыю.

«Ніякай тэхнічнай прычыны. Але я не думаў, што так шмат у Беларусі бруду ў інтэрнэце. Нейкі асаблівы бруд. Дурасць, што мясцовы Мінкульт сам не дазволіў паказаць сваім маладым кінематаграфістам цікавыя прыклады мастацкай працы», – заявіў расейскі рэжысёр Аляксандр Сакураў.

Пад брудам у інтэрнэце Сакураў, відаць, меў на ўвазе разгорнутую супраць яго кампанію цкавання прапагандыстаў – вядоўцы СТВ Грыгорыя Азаронка і дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Вадзіма Гігіна. У сваіх сацсетках служкі Лукашэнкі ганарліва хваляцца, што «працавалі над тым, каб светач ліберальнай ідэі не прыехаў у Менск».

«Відавочны праціўнік СВА і ўсяго з гэтым звязанага… Пра нас і нашую краіну выказваўся неаднаразова. І дыктатура, і іншае… Дзякую арганізатарам. Верагодна, першапачаткова проста не ў курсе былі таго, які смярдзючы шлейф цягнецца за гэтым персанажам… Чакаем Мікіту Міхалкова, Уладзіміра Бартка ды іншых вялікіх дзеячаў культуры і мастацтва. А гнілых лібералаў і сяброў Алексіевіч не чакаем», – піша прапагандыст Рыгор Азаронак.

Паводле кіраўніка Беларускай Рады Культуры Сяргея Будкіна, гэтая сітуацыя здзіўляе нават не столькі дзеяннямі прапагандыстаў, колькі рэакцыяй Аляксандра Сакурава на цэнзуру ў нашай краіне.

Аляксандр Сакураў.
Фота: Photoagency Interpress / Russian Look / Forum

«Беларусь ужо доўгі час ёсць палігонам выпрабаванняў, у тым ліку на ідэалагічным фронце. Усе гэтыя гісторыі з чорнымі спісамі, якія пачаліся яшчэ ў даінтэрнэтны час. Вельмі прыкра, што нашыя калегі з Усходу пра гэта не чулі і не ведаюць», – кажа кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін.

Расейскі рэжысёр – не першы прадстаўнік «дружественной» краіны, чые выступы забаранялі ў Беларусі. Гэтак, летась у Менску адмянілі канцэрт расейскага гурта «Shortparis» – таксама праз антываенную пазіцыю артыстаў. Раней той жа лёс напаткаў гурт «Баста» – праўда, праз падтрыманне мірных пратэстаў 2020-га.

«Паколькі ў палітычным плане стасункі Расеі і Беларусі становяцца ўсё больш шчыльнымі, будзе назірацца гэты абмен базамі, – гэта відавочная гісторыі… Усе, хто не спадабаўся ўладзе, альбо Расеі, альбо Беларусі, вымушаныя выязджаць і ўжо тут – у Еўропе альбо Амерыцы – будаваць сваё жыццё», – кажа музычная журналістка Марына Савіцкая.

Доказам таго, што бан на дзеячаў культуры дзейнічае і ў зваротны бок, можа быць леташняя адмена спектаклю «Крэмулятар» паводле раману беларускага пісьменніка Сашы Філіпенкі ў маскоўскім Тэатры на Пакроўцы. Паводле аўтара, тое магло стацца праз ягоны статус экстрэміста, а таксама праз змест спектаклю, падзеі якога адбываюцца ў часы сталінскіх рэпрэсіяў.

«Нядаўна была навіна пра тое, што хочуць сфармаваць агульны культурніцкі канон саюзных дзяржаваў… Безумоўна, там, дзе будзе агульны канон, будзе агульны спіс. І безумоўна, ёсць падазрэнні і ўсе сведчанні, што такі агульны саюзны бан на дзеячаў культуры існуе», – мяркуе Сяргей Будкін.

Гэтак, у апошніх апублікаваных «чорных спісах» музыкаў ад Мінкульту Беларусі фігуруюць восемдзесят сем прозвішчаў. Сярод непажаданых расейскіх артыстаў – Земфіра, Каста, Маніжа, Нойз МС, Манетачка ды іншыя. Усіх іх аб’ядноўвае антываенная пазіцыя і крытыка на адрас рэжыму Пуціна.

Наста Печанькова, «Белсат»