Якімі сталіся наступствы ракетнай атакі на Кіеў?


Другога студзеня 2024 года. Нагрудныя камеры паліцыянтаў фіксуюць наступствы ўдару расейскай ракеты ля жылога дому ў Кіеве. Мужчыны, знятага на відэа, больш няма ў жывых.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Ад выбуху яго выкінула на двор. Было зламана восем рэбраў, наколькі мне вядома, і адно рабро прабіла лёгкае наскрозь», – кажа сябра жыхара дому, загінулага ў выніку расейскага абстрэлу, Віталь.

У выніку абстрэлу сталіцы 2 студзеня загінулі пяць чалавек. Пакуль сваякі займаюцца пахаваннем і наведваюць у больніцы тых, хто дагэтуль у цяжкім стане, камунальныя службы разграбаюць завалы. У гуманітарным штабе з першага дня дапамагаюць пацярпелым жыхарам. Там сустракаем Вікторыю. Жанчына, як і шматлікія іншыя, прыходзіць сюды паесці і пагрэцца.

«Дзякуй дзяўчынкам, яны дапамагаюць. Усё мне кладуць – я саромеюся браць. Гэта рыса характару такая», – кажа яна.

Вікторыя згаджаецца паказаць нам сваю кватэру. Дакладней тое, што ад яе засталося.

«Я ў кватэру заходзіла ў першыя дні, шукала свой залаты пярсцёнак. Каб хоць у ламбард закласці яго, ці што. Ну грошай жа не будзе, няма ні рэчаў, нічога. Калі стала даведвацца пра загінулых, зразумела, што, напэўна, мы яшчэ шчаслівыя людзі, значыць, нам яшчэ трэба пажыць на гэтай зямлі», – кажа Вікторыя.

Жанчына жыве з дзвюма няпоўнагадовымі дочкамі. У абвугленым пакоі, дзе Вікторыя спала разам з дзецьмі, – рэшткі школьных сшыткаў. Усё іншае выгарала дашчэнту. У той дзень сям’я ўратавалася толькі таму, што затрымалася ў сяброў.

«Гэта цуд! Нам ужо сказалі ўсе (і паліцыя, і хто тут быў), што мы б не выжылі, таму што полымя пайшло, дзверы выбіла і ўсё пачало тут гарэць. Ну што, дзяцей жа не выкідаць з вакна, а пакуль прыехалі – усё, гэта нейкія хвіліны проста», – дадае Вікторыя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Наступствы начнога налёту на Кіеў 13 снежня 2023 года.
Фота: ДСНС України / Facebook

Цяпер жанчына з дзецьмі часова жыве ў сваякоў і паралельна шукае кватэру ў сваім раёне. Дзеці хочуць застацца ў сваёй школе, каб хоць нешта нагадвала ім пра мінулае жыццё.

У панэльным дзевяціпавярховіку да прылёту расейскай ракеты пражывала каля 800 чалавек. З двух найбольш пашкоджаных падʼездаў усіх эвакуявалі. Напярэдадні часткова далі ацяпленне, ваду і электрычнасць. За выключэннем тых кватэраў, якія зазналі моцныя разбурэнні. У кватэры Аляксандра ад выбухной хвалі вырвала балконы і дзверы.

«Я любіў расейцаў, зараз іх люблю ў тры разы больш. У двукоссі. Матам нельга лаяцца, так? Але я іх усіх пасылаю, як карабель паслалі летась у красавіку. Вы памятаеце куды?! Я іх пасылаю тры разы туды!»

Таццяна страціла лецішча ў сяле Машчун паблізу Бучы. Яго знішчылі расейскія вайскоўцы падчас акупацыі рэгіёну. 2 студзеня жанчына ледзь не страціла і мужа. У момант выбуху ён быў на кухні. Ці падлягае дом аднаўленню, будзе вядома па выніках працы камісіі, што фіксуе пашкоджанні. Людзей, якія страцілі жытло, часова пасялілі ў інтэрнаце. Мясцовыя ўлады паабяцалі выдаць ім матэрыяльную дапамогу памерам каля 250 долараў.

Андрэй Сульжыц, Юлія Макаранка, Дзмітрый Дзяркач, «Белсат»