Служба бяспекі і контрвыведка правялі рэйд па Польшчы


Працягваюцца шпіёнскія жарсці ў суседняй Польшчы. Агенцыя ўнутранай бяспекі – ABW – правяла ператрусы ў межах расследавання аб спробе дзяржаўнага перавароту ўва ўльтраправых актывістаў і палітычных дзеячаў, сярод якіх ёсць і вайскоўцы, і прыхільнікі Лукашэнкі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Не прайшло і тыдня з моманту публікацыі пра шпіёнку КДБ, затрыманую ў Польшчы, як Агенцтва ўнутранай бяспекі здзейсніла новыя захады супраць магчымых агентаў Лукашэнкі. ABW разам са Службай вайсковай контрвыведкі здзейсніла шэраг рэйдаў па кватэрах польскіх дзеячаў, звязаных з арганізацыямі «Баронім мундзіры для будучых пакаленняў» і «Камраці». Пра затрыманых пакуль невядома, але спецслужбы забралі электронныя носьбіты для вывучэння. Польскае выданне «OKO.press» мае інфармацыю, што вядзецца следства аб падрыхтоўцы канстытуцыйнага перавароту.

«Варожыя нам спецслужбы ФСБ і КДБ збудавалі ў нашай краіне цэлую армію “антыпрышчэпачных актывістаў”, “антысістэмных журналістаў” і “камратаў”, якія спецыялізуюцца на правакацыі трывожнасці ў грамадстве і на атаках на польскае кіраўніцтва, суддзяў, пракурораў, паліцыянтаў у мэтах дэстабілізацыі функцыянавання польскай дзяржавы», – заявіла польская недзяржаўная арганізацыя Асяродак маніторынгу расісцкіх і ксенафобскіх паводзінаў.

Што ж гэта за арганізацыі? «Баронім мундзіры для будучых пакаленняў» – гэта нефармальнае аб’яднанне вайскоўцаў, паліцыянтаў, пажарнікаў і іншых людзей у мундзірах. Яны гуртуюцца вакол тэорыі змовы, што вакцынацыя ад каронавірусу – гэта медычны эксперымент.

«Справа датычыла прымусу прымаць эксперыментальныя прэпараты. І, вядома, там гучаць словы, што жаўнеры мусяць адмаўляцца ад выканання загадаў, каб не ўдзельнічаць у медычных эксперыментах», – апраўдваў сваіх саюзнікаў экс-кандыдат у дэпутаты Адам Каня з фонду «Polskie Veto».

Але выданне «OKO.press» паведамляе, што акрамя падрыхтоўкі да перавароту ідзе гаворка пра падбухторванне да службовага непадпарадкавання, да забойства аднаго з генералаў і пра дапамогу замежнай выведцы. Афіцыйнага паведамлення ад спецслужбаў пакуль няма.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Супрацоўнікі польскага Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW).
Фота: gov.pl

Што да ўльтраправай арганізацыі «Камраці», то «Белсат» распавядаў, як яны супрацоўнічаюць з прапагандыстамі Лукашэнкі.

«Гэтыя людзі вельмі агрэсіўныя, прарасейскія, антыўкраінскія пралукашэнкаўскія і антысеміцкія. Яе лідар цяпер сядзіць у турме, калі не памыляюся. Ён пастаянна то выходзіць на свабоду, то сядзіць за свае грахі», – тлумачыць журналіст выдання «Dziennik Gazeta Prawna» Міхал Патоцкі.

«Камратаў» у Польшчы часта называюць фашысцкай арганізацыяй, іх лідар Войцех Альшанскі нават апранаецца ў стылі італьянскіх фашыстаў. Цяпер ён зноўку перад судом за абразу дырэктаркі адной са школаў.

«Камраці» гуртуюцца вакол тэорыі змовы, што Польшчу цалкам кантралююць замежныя дзяржавы, і нават усю польскую ваду ўзяла пад кантроль фірма з Ізраілю. Таму гэтыя нацыяналісты абяцаюць узяць уладу ў свае рукі і ачысціць Польшчу ад здраднікаў.

«І пад здраднікамі яны маюць на ўвазе практычна ўвесь палітычны клас: журналістаў, экспертаў. Яны хочуць рабіць нейкую рэвалюцыю ў Польшчы, каб стварыць польскую дзяржаву ў саюзе з Расеяй, з Лукашэнкам. Яны мелі нават нейкія дэманстрацыі пад Беларускім Домам у Варшаве», – нагадвае Міхал Патоцкі.

Супраць прысутнасці беларусаў у Польшчы выступае і былы дэпутат Кшыштаф Талвіньскі. Ён таксама блакаваў Беларускі дом у Варшаве. Талвіньскі часта ездзіць у Беларусь, ахвотна дае інтэрвʼю прапагандыстам Лукашэнкі і пераказвае заявы старшыні КДБ Івана Церцеля, што ягоны край нібыта трэнуе ў сябе беларускіх тэрарыстаў.

«Яны маюць у Польшчы сетку сваіх сховішчаў, складоў зброі, што прыплыла сюды з Украіны, – усе пра гэта ведаюць. І польскія спецслужбы мусяць пра гэта ведаць», – распавядаў Кшыштаф Талвіньскі – кіраўнік арганізацыі «Normalny Kraj» – у адным са сваіх відэазваротаў.

Кшыштаф Талвіньскі гуртуе сваіх прыхільнікаў вакол тэорыі змовы, што ў Польшчы і ў Еўразвязе ў цэлым уведзеныя правілы вытворчасці харчоў, якія робяць ежу больш хімічнай. Разам з рэкламай КДБ і Церцеля Талвіньскі рэкламуе кілбасу хатняй вытворчасці. Як і «Камраці», на апошніх выбарах Талвіньскі не прайшоў у дэпутаты.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»