Ці дапаможа пасадка міністраў перамагчы карупцыю?


Міністра лясной гаспадаркі Віталя Дрожжу адправяць за краты – такі вырак вынес Менскі гарадскі суд. Чыноўніка прызналі вінаватым у карупцыі, прычым у асабліва буйным памеры. Ці азначае гэта, што ў Беларусі выкараняюць карупцыю ў дзяржапараце? І што ў Мінлясгасе цяпер пануе парадак?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Вырак – сем з паловаю гадоў. З улікам жа амністыі былы міністр лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа мае правесці за кратамі шэсць з паловаю гадоў. Плюс штраф на 2000 базавых. Прысуд агучылі сёння. Паводле следства, чыноўніка злавілі на вялікім хабары. Ці азначае гэтая гучная пасадка, што ў Беларусі эфектыўна змагаюцца з карупцыяй?

«Шанцаў на тое, што пасля пасадкі чарговага міністра знікне карупцыя ў канкрэтным міністэрстве або агулам у краіне, няма ніякіх. Гэта “прарэджванне” чарговага чыноўніка – і толькі. Чалавек, які прыйшоў на ягонае месца, будзе рабіць усё тое самае», – мяркуе бізнесовец Аляксандр Кныровіч.

Наступнік Дрожжы – Аляксандр Кулік – у карупцыйных скандалах пакуль не фігураваў. Але падчас працы кіраўніком Кобрынскага лясгасу, імаверна, дапускаў сур’ёзныя парушэнні. «Белсат» распавядаў пра гэта ў верасні ў праграме «Тыдзень».

«Мы фактычна высеклі 228 тысячаў кубаметраў, а запраектавана 163 тысячы. На 60 тысячаў мы прахадныя перарэзалі», – прызнаваўся Кулік у тэлефоннай размове з іншым чыноўнікам.

З іншых запісаў размоваў мы даведаліся, што па ўсёй Беларусі сістэматычна прыхоўваюць рэальныя абʼёмы высякання, якія на сотні тысячаў кубаметраў перавышаюць норму. Дый планы нарыхтоўвання лесу штогод растуць.

«У Беларусі нарошчваюць яго нарыхтоўванне, як быццам гэты рэсурс неабмежаваны. Але перыяд яго ўзнаўлення не 10 і не 20 гадоў, а 60 гадоў», – адзначае экаактывістка, біёлаг Інэса Балоціна.

Бо лес – гэта не проста дрэвы, а цэлая экасістэма з раслінамі і жывёлінамі. Але выглядае на тое, што для рэжыму Лукашэнкі – гэта найперш валюта. Летась на экспарце драўніны ён зарабіў больш за 2 мільярды 300 мільёнаў долараў. Дый цяпер зарабляе, абыходзячы санкцыі, сцвярджае Беларускі расследавальніцкі цэнтр. Дзе круцяцца вялікія грошы – там вялікія спакусы для чыноўнікаў, адзначае бізнесовец Аляксандр Кныровіч.

«Мільярдамі народных грошай распараджаюцца бедныя і малаадукаваныя людзі. Чыноўнік з пункту гледжання народу можа здавацца багатым. Але калі чалавек, што зарабляе пару тысячаў долараў, распараджаецца мільёнамі, то гэта асноўны фактар карупцыі», – кажа Аляксандр Кныровіч.

Ужо згаданы Віталь Дрожжа, як паведамляюць дзяржаўныя медыі, узяў 30 тысячаў долараў хабару. Справа датычыла набыцця сушыльнага абсталявання.

Насамрэч карупцыя ў лукашэнкаўскай сістэме непазбежная, мяркуе палітык Анатоль Лябедзька. А гучныя пасадкі чыноўнікаў маюць ствараць ілюзію, што з хабарніцтвам прынцыпова і жорстка змагаюцца.

«Сацыяльная дамова з чыноўнікамі: часам кагосьці з вас мы судзім, але ставімся максімальна прыхільна. І калі вы нават пабываеце ў следчым ізалятары, то гэта вельмі абмежаваны тэрмін», – распавядае Анатоль Лябедзька.

Палітык прагназуе, што Віталь Дрожжа не адсядзіць да канца свайго тэрміну і яго адправяць у які-небудзь стратны калгас – выкупляць карупцыйныя грахі. Падобныя выпадкі ўжо бывалі. Бо чыноўнікі, на думку Лябедзькі, –адна з апораў Лукашэнкі. І таму стаўленне да іх больш лагоднае, чым да іншых злачынцаў.

Валянцін Васіленка, «Белсат»