Масавы хапун у Полацку і Наваполацку: сілавікі шукаюць знаёмых Сяргея Ерамеева


Каля 2 дзясяткаў затрыманняў у Полацку і Наваполацку. Усё дзеля таго, каб адшукаць хоць нейкую інфармацыю пра мясцовага жыхара Сяргея Ерамеева – яго расейскі ФСБ затрымаў з падазрэннем у здзяйсненні тэракту на расейскай чыгунцы. Гаворка пра падрыў двух каляінаў на Байкала-Амурскай чыгуначнай магістралі ў канцы лістапада. Паводле расейцаў, за падрывам стаіць СБУ.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Масавыя затрыманні адбыліся ў Полацку і Наваполацку. Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», прадстаўнікі КДБ затрымалі амаль два дзясяткі асобаў, якія кантактавалі ці былі знаёмыя з новапалачанінам Сяргеем Ерамеевым. Яго вінавацяць у тэракце на тэрыторыі Расеі. Некаторых затрыманых адпусцілі, але лёс большасці з іх – невядомы.

«Вось гэтыя органы КДБ і ФСБ цесна супрацоўнічаюць. Такое ў практыцы ўжо было: калі людзей масава затрымлівалі, як сіта: больш затрымалі, а там разбяромся. Мала ці што, раптам нехта карысны для крымінальнай справы апынецца сярод затрыманых, на жаль, такая практыка», – кажа юрыст «Human Rights Impact» Раман Кісляк.

52-гадовы Сяргей Ерамееў, праз якога ў Полацку адбываюцца масавыя затрыманні, застаецца пад арыштам у Расеі. Яго абвінавачваюць у ажыццяўленні двух падрываў у тунэлі Байкала-Амурскай магістралі ў Бураціі ў канцы лістапада: на асноўнай магістралі і на абыходнай дарозе. На відэа, знятым пасля затрымання, Ерамееў прызнае сваю датычнасць да падрываў:

«Гэта магнітныя міны, каб падарваць нейкі цягнік і спыніць рух на БАМе. Я пагадзіўся. Даехаў да Северабайкальску, паставіў прылады».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Ведомости

Вядома, што раней Ерамееў працаваў на «Нафтане» і падтрымаў страйк 2020 года. Праз палітыку ён страціў працу аператара прыладаў і стаў індывідуальным прадпрымальнікам. Паводле ТАСС, на судзе дзявятага снежня ў Омску Ерамееў патлумачыў, што хацеў спыніць перавоз боепрыпасаў. ФСБ кваліфікавала гэтыя падрывы як тэракт, зарганізаваны Службай бяспекі Украіны.

«Адказнасць за правядзенне тых ці іншых акцыяў ніхто на сябе не бярэ. Тое, што кажуць журналісты ці якія іншыя крыніцы, – гэта іншыя рэчы. Я не выключаю, што за гэтым стаяць сілы Украіны, але які канкрэтна орган – не скажу», – кажа генерал-маёр запасу СБУ Віктар Ягун.

Падрывы на БАМе, паводле Віктара Ягуна, мелі для Украіны вялікае значэнне. Такім чынам Расею адрэзалі ад паставак узбраення з Паўночнай Карэі і грузапатоку з Кітаем.

Беларусы бралі ўдзел у дыверсіях супраць Расеі ды на карысць Украіны і раней. У лютым на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах дронамі быў атакаваны расейскі вайсковы самалёт А-50.

«Чым больш мы зробім для перамогі Украіны, тым болей будзе шанцаў, што пераможа Беларусь… Калі гэты чалавек сапраўды працаваў на гэтай акцыі, то рэспект яму, я думаю, што яго не забудзе Украіна. Дакладна», – тлумачыць генерал-маёр запасу СБУ Віктар Ягун.

Папярэдне Омскі суд арыштаваў Сяргея Ерамеева да 30 студзеня. За тэрарыстычныя дзеянні паводле расейскага заканадаўства яму можа пагражаць ад 10 да 20 гадоў зняволення.

Аліна Скрабунова, «Белсат»