Лукашэнка ўзяўся за Афрыку?


Лукашэнка заняўся Афрыкаю. За адзін тыдзень ён пабываў адразу ў дзвюх краінах кантыненту – у Экватарыяльнай Гвінеі з рэпутацыяй дыктатуры і ў Кеніі, дзе ўлада мяняецца дэмакратычным шляхам. Лукашэнка абяцае ім ці не залатыя горы за супрацу. Навошта самаабвешчанаму прэзідэнту спатрэбілася Афрыка? І ці сапраўды ягоны рэжым атрымае нейкія выгады ад стасункаў з гэтым кантынентам?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Сёлета гэта ўжо трэцяя сустрэча Лукашэнкі з кіраўніком Экватарыяльнай Гвінеі. Бакі дамовіліся ажно пра 74 супольныя праекты, пахваліўся менскі госць. Лукашэнка прапанаваў пастаўляць тэхніку, дапамагаць у аграгаспадарцы, лесанарыхтоўванні, электрыфікоўваць краіну, а таксама заявіў пра гранты для навучання гвінейскіх студэнтаў-медыкаў у Беларусі. Менск, у сваю чаргу, зацікаўлены ў какаве, трапічнай садавіне і гародніне ды ў перапрацоўванні рыбы.

У верасні агучваліся планы дасягнуць узаемнага таваразвароту на 100 мільёнаў долараў – ажно ў 2030 годзе. У маштабах агульнага вонкавага гандлю Беларусі – сума надзвычай сціплая. Праўда, Лукашэнка на словах хоча стварыць хаб у Гвінеі, каб прадаваць беларускія тавары ў Афрыцы. Некалі ён ужо агучваў гэткія шырокія планы супрацы – калі навязваў сяброўства з Венесуэлай. Але супольныя праекты ў выніку заглухлі.

«Прыблізна такі самы лёс, мабыць, чакае пражэкты Лукашэнкі і ў Экватарыяльнай Гвінеі. Напачатку яшчэ нешта, можа, будуць рабіць. Але калі красці са стратаў будзе складана, праекты ўрэшце прыкрыюць», – кажа намеснік кіраўніка НАУ, аналітык Арцём Брухан.

«Тут для Лукашэнкі ў першую чаргу выгада ад гэтых паездак – прадэманстраваць прыгожую карцінку. Маўляў, я ў патэнцыйна прывабным рэгіёне, за якім будучыня. І за мной таксама будучыня. Вось мы зараз дамовімся, будзем ім дапамагаць развівацца. І ўсё будзе цудоўна», – мяркуе кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін.

Прэсавая служба Лукашэнкі ягоны гвінейскі ваяж сапраўды асвятляла ва ўсіх дэталях. Тут і натоўпы радасных мясцовых жыхароў, і прысмакі, якімі частуюць самаабвешчанага кіраўніка Беларусі.

Лукашэнка можа прасоўваць у Экватарыяльнай Гвінеі кітайскія інтарэсы, мяркуе палітолаг-афрыканіст Андрэй Рудык. Пасярэднік патрэбны праз негатыўны шлейф экалагічных інцыдэнтаў і карупцыйных скандалаў вакол праектаў Кітаю ў Афрыцы.

«Спрабуюць мякчэй заходзіць, каб, груба кажучы, не напужаць і не атрымаць нейкія антыкітайскія настроі. Калі браць геапалітычнае становішча Экватарыяльнай Гвінеі, яе можна ўспрымаць як геапалітычны пункт апоры паміж экватарыяльнай Цэнтральнай Афрыкай і Заходняй Афрыкай», – кажа ўкраінскі палітолаг-афрыканіст Андрэй Рудык.

Аляксандр Лукашэнка і з прэзідэнт Экватарыяльнай Гвінеі Тэадора Аб’янг Нгема Мбасага.
Фота: president.gov.by

Пазалетась доля Кітаю ў вонкавым гандлі Экватарыяльнай Гвінеі перавысіла 20 %. А Лукашэнка паляцеў туды пасля неспадзяванай паездкі ў Пекін. З гвінейскім кіраўніком Тэадора Аб’янгам, які мае рэпутацыю аўтакрата, ён, падобна, знайшоў агульную мову.

Наступны візіт – у Кенію – выглядаў куды больш сціпла. Ні натоўпаў, ні пышных прыёмаў не паказалі. Прэзідэнту Уільяму Руто Лукашэнка прапанаваў стварыць дарожныя мапы супрацы і настойліва клікаў у госці.

«Кенія – гэта дзяржава, арыентаваная на супрацу з Еўропай, з Вялікай Брытаніяй. Таму яны даволі асцярожныя ў сваіх рухах і ў сваіх выбарах», – мяркуе Андрэй Рудык.

Ці прыме Руто запрашэнне – невядома. А вось намеснік міністра міжнародных справаў Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі Элвін Ботэс у Менск на гэтым тыдні завітае. Афіцыйна – для двухбаковых палітычных кансультацыяў.

Валянцін Васіленка, «Белсат»