Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі дазволеных партыяў


«Некаторыя кажуць, што зноў Лукашэнка нешта прыдумаў адмысловае. Ды не я прыдумаў – мы сапраўды адмысловыя», – гэтак Лукашэнка тлумачыць той факт, што ў Беларусі не засталося партыяў, апазіцыйных яму і ягонаму палітычнаму курсу.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мы ачысцілі партыйнае поле ад дэкаратыўных абʼяднанняў і тых, чыя дзейнасць скіраваная на падрыў асноваў канстытуцыйнага ладу нашай краіны», – справаздачыцца ён жа.

Як выявілася, канстытуцыйных асноваў не падрываюць усяго чатыры партыі. Акурат з іх кіраўнікамі Лукашэнка і сустрэўся.

Гэта нядаўна зарэгістраваная партыя «Белая Русь». А ў дадатак – старыя партыі з ліку тых, хто прайшоў працэдуру перарэгістрацыі: Камуністычная партыя Беларусі, Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці.

«Лукашэнка пабудаваў такую сістэму пасля 2020 года, дзе ўсе рэальныя палітычныя партыі ў выніку былі скасаваныя, не прайшлі перарэгістрацыі. Засталіся чатыры, якія адпавядаюць таму, што было ў краінах савецкай дэмакратыі», – мяркуе палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Зрэшты, як мяркуе Віталь Цыганкоў, нават да цалкам лаяльных партыяў Лукашэнка будзе ставіцца з засцярогаю. І, магчыма, не дазволіць ім здабыць значнай колькасці месцаў на выбарах у так званы парламент, што адбудуцца ў наступным годзе.

«Гэтыя партыі не атрымаюць вялікай колькасці. Максімум – адзінкі, – разважае Віталь Цыганкоў. – Можа, з чатырох партыяў не кожная будзе прадстаўленая. Хаця было б лагічна, калі адзін-два чалавечкі будуць прадстаўленыя ў Палаце прадстаўнікоў. Але гэта максімум. Дарэчы, паводле рэгламенту гэтай Палаты, яны не могуць складаць партыйных фракцыяў».

На думку аўтара reform.by Ігара Лянкевіча, бутафорскія партыі не змогуць здабыць падтрымання і ў грамадстве:

«Як масоўка партыі, вядома, спатрэбяцца. Для таго і задумваліся. А вось з папулярнасцю ўсё будзе складаней. Роўна як і з жыццяздольнасцю».

Зрэшты, асноўная мэта іх існавання – іншая. І яе агучыў Лукашэнка:

«Стаць памочнікам улады ў тлумачэнні і прасоўванні рашэнняў, якія мы прымаем».

Ян Федаровіч, «Белсат»