Ці працягне Захад падтрымліваць Украіну?


Прэзідэнт Украіны Зяленскі асабіста прыехаў у Брусель на сустрэчу міністраў абароны краінаў NATO. Візіт аказаўся неспадзяваным – яго не анансавалі. Адбываецца ён на фоне вайны ў Ізраілі. Ці азначае гэта, што Кіеў асцерагаецца змяншэння дапамогі ад саюзнікаў у цяперашняй сітуацыі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Натуральна, было важна сустрэцца з партнёрамі з NATO у кантэксце новых рэаліяў, абмеркаваць гэтыя новыя рэаліі, атрымаць гарантыі падтрымання для Украіны. Я думаю, гэта было важна, але агулам візіт трэба ацэньваць комплексна», – мяркуе ўкраінскі палітолаг Пятро Алэшчук.

Напярэдадні ўкраінскі прэзідэнт наведаў Румынію, праз чые воды праходзіць альтэрнатыўны збожжавы калідор. Паводле Зяленскага, вяліся перамовы і пра артылерыю, і сродкі супрацьпаветранай абароны. Украіна цяпер на апошнім, бадай самым цяжкім этапе вайны – заявіў ён румынскім медыям. Таму і сёння падчас выступу ў штаб-кватэры NATO зазначыў, што нельга спыняць ціск на расейскія войскі.

«Усё вельмі складана, але менавіта нашыя вайскоўцы вызначаюць хаду падзеяў. І Расея не можа весці гэтай вайны сваймі сіламі – вы гэта бачыце. Ёй патрэбны Іран, яна не дае рады без “Шагэдаў”. Ёй патрэбная Паўночная Карэя», – заявіў Уладзімір Зяленскі.

Але нават пры гэтым Расея, паводле ўкраінскага лідара, яшчэ здольная несці небяспеку свету.

«У той сама час ёй усё яшчэ стае сілы, каб распальваць канфлікты і пераўтвараць іх у поўнамаштабныя трагедыі. Гэта здараецца ў Сахэлі, гэта здараецца ў Ізраілі, гэта здараецца на Блізкім Усходзе. І мы не можам дазволіць, каб гэта адбывалася», – кажа прэзідэнт Украіны.

ЗША ўжо распачалі першыя пастаўкі вайсковых грузаў свайму саюзніку Ізраілю. Што да працягу дапамогі Украіне, то тут Пэнтагон выказваецца адназначна.

«Цяпер гэтая кааліцыя працягвае ствараць гісторыю, дзякуючы нашай еднасці і нашаму нязменнаму падтрыманню Украіны. Таму не ўводзьце сябе ў зман: ЗША будуць падтрымліваць Украіну так доўга, як гэта будзе патрэбным», – заявіў міністр абароны ЗША Лойд Остын.

У кіраўніцтве NATO звяртаюць увагу на важнасць падтрымання Украіны і праз набліжэнне зімы.

«Мы бачым цяпер, што прэзідэнт Пуцін ізноў рыхтуецца скарыстаць зіму як ваенную зброю. Менавіта таму ён атакуе аб’екты энергетычнай сістэмы і газавую інфраструктуру Украіны. Мы мусім перадухіліць гэта. Надаючы ўвагу ў тым ліку будаванню эфектыўнейшай супрацьпаветранай абароны, каб скасаваць пагрозу», – кажа генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг на сустрэчы ў «фармаце Рамштайн». Брусэль, Бельгія. 11 кастрычніка 2023 года. Кадр з відэа: NATO News / Youtube

Працяг вайсковага падтрымання Украіны пацвердзілі міністры абароны Канады і Швецыі.

«Прэзідэнт Зяленскі зусім нядаўна наведаў маю краіну, Канаду, літаральна некалькі тыдняў таму. І мы разам зацвердзілі новы канадскі пакет вайсковай дапамогі Украіне больш чым на пяцьдзясят мільёнаў долараў, у тым ліку пастаўкі разнастайнай баявой тэхнікі. Сёння, сярод іншага, мы абмяркоўваем забеспячэнне ўкраінскага войска самым разнастайным абсталяваннем і адзеннем ды абуткам адмыслова для ўмоваў зімняе вайны», – распавёў міністр нацыянальнай абароны Канады Біл Блэр.

«Мы працягнем і далей даваць ваенную дапамогу Украіне, гэтым разам больш чым на два мільярды еўраў: гэта пастаўкі танкаў, а таксама ракетных і артылерыйскіх комплексаў ды сістэмаў супрацьпаветранай абароны. Цяпер мы шукаем новыя магчымасці для трэнавання ўкраінскіх вайскоўцаў, і гэта, падкрэслю, вельмі важна для будучыні», – заявіў міністр абароны Швецыі Поль Юнсан.

Абяцанні партнёраў не пакінуць Украіны без дапамогі нават на фоне сітуацыі ў Ізраілі Уладзімір Зяленскі дадаткова агучыў падчас брыфінгу з бельгійскім прэм’ерам Александэрам дэ Кроў. Той у сваю чаргу заявіў, што Брусель перадасць Украіне падаткі ад замарожаных расейскіх актываў – мільярд сямсот мільёнаў еўраў. А Міністэрства абароны Бельгіі абяцае ў 2025-ым годзе паставіць ЗСУ знішчальнікі F-16.

Валянцін Васіленка, «Белсат»