Асобаў з педафіліяй будуць адпраўляць на прымусовае лекаванне


А цяпер пра сапраўдныя злачынствы, якіх нельга дараваць. Расце колькасць дзеянняў сексуальнага характару супраць няпоўнагадовых. Сярод прычынаў Следчы камітэт называе павелічэнне выяўляльнасці. Аднак ці ў гэтым рэч? І ці дапаможа новаўвядзенне? Дэпутаты прынялі прапанаваныя сілавікамі змены ў заканадаўства і пастанавілі прымусова лекаваць асобаў з педафіліяй.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Амаль тысяча дзяцей сталіся ахвярамі сексуальнага ґвалту за 9 месяцаў сёлета. Гэта на 54% болей, чымся за аналагічны перыяд год таму. Як кажуць сілавікі, лік павысіўся, бо тэме педафіліі сталі ўдзяляць больш увагі.

«Калі мы выкрываем выпадкі гвалту ў дачыненні жанчын, дзяцей, то яно больш узрушвае людзей эмацыйна, і таму гэта добрая тэма, каб на гэтым спекуляваць грамадскасцю. Маўляў, вось паглядзіце, якія мы добрыя, як мы добра робім сваю справу», – лічыць псіхолаг Наталля Скібская.

Палата прадстаўнікоў у першым чытанні падтрымала прапанову міністра ўнутраных справаў змяніць заканадаўства, звязанае са злачынствамі сексуальнага характару супраць няпоўнагадовых.

«Можа быць, мы занадта ліберальныя ў гэтым плане. А калі падумаць, што пры даказанай педафіліі хімічная кастрацыя – гэта найлепшая форма лячэння? І прафілактыка ў тым ліку, або пажыццёва закрываць», – прапанаваў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Закон і заканадаўства.
Фота: Inbusiness.kz

Ніякай кастрацыі афіцыйна пакуль не ўводзілі. Абноўлены закон прадугледжвае абавязковае лекаванне асобаў з педафіліяй, а таксама абмяжоўвае іх у наведанні пэўных месцаў і ў прыёме на працу. Акрамя таго, уводзіць прэвентыўны нагляд да пагашэння або зняцця судзімасці.

«На сёння максімальны тэрмін – 15 гадоў пазбаўлення волі ў адносінах педафілаў, калі цяжкія наступствы, як прычыненне смерці, то там і да пажыццёвага. Тыя захады, якія мы сёння робім, дазволяць нам працаваць з гэтаю катэгорыяй асобаў», – адказаў Марзалюку міністр унутраных справаў Республікі Беларусь Іван Кубракоў.

Следчыя, каб менш траўмаваць няпоўнагадовую ахвяру сексуальнага ґвалту, мінімалізуюць кантакты з ёй. Апытвае пацярпелага дасведчаны псіхолаг. І толькі адзін раз, пад відэазапіс.

Дзеці не заўсёды могуць зразумець, што з імі адбываецца, а таксама распавесці пра гэта бацькам, кажа псіхолаг Наталля Скібская:

«Калі я працую з тымі, хто ў дзяцінстве перажыў сексуалізаваны гвалт, яны кажуць, што не маглі распавесці менавіта праз тое, што баяліся рэакцыі бацькоў. І калі нават яны пачыналі нешта казаць, то дарослыя адказвалі, што ты нейкую лухту нясеш. Не верылі ім».

Ахвяра гвалту можа не апавядаць, што здарылася, але абавязкова будзе паказваць гэта сваймі паводзінамі, адзначае псіхолаг. Таму варта звяртаць увагу на наступныя прыкметы: дзіця баіцца кантакту з іншымі дарослымі, пазбягае агаляцца пры бацьках, замыкаецца ў сабе або праяўляе неадпаведны ўзросту інтарэс да тэмы сексу. Такія змены ў паводзінах могуць стацца сігналам, што з дзіцём нешта адбываецца.

Аліна Скрабунова, «Белсат»