Менску 955 гадоў


Менску – 955… Але святкаваць Дзень гораду ў верасні пачалі толькі напрыканцы 90-ых гадоў.

«Першае згадванне Менску ў летапісах – гэта 3 сакавіка 1067 года, бітва на рацэ Няміга. І можна было святкаваць у гэтую дату. Але вырашылі прывязаць дату нараджэння Менску да Божай маці, бо 3 сакавіка 1067 года адбыўся пажар, калі Менск згарэў. І святкаваць пажар Менску нашыя чыноўнікі напрыканцы 90-х палічылі няправільным», – тлумачыць гісторык Цімафей Акудовіч.

Паколькі Божая маці ёсць на менскім гербе, то дату святкавання Дня гораду прывязалі да ейных народзінаў – пачатку верасня. Супадзенне ці не, але менавіта ў гэтыя выходныя свой дзень нараджэння адзначае і Масква, якая, дарэчы, маладзейшая за беларускую сталіцу на 80 гадоў.

«Пры гэтым, магчыма, было нейкае такое банальнае меркантыльнае рашэнне, бо пачатак верасня – гэта добрая дата, калі людзі вяртаюцца з адпачынку. Гэта незанятая дата. Яшчэ цёпла, але ўжо ўсе пры справе, і можна пачаць працоўны вучэбны год з такой даты», – удакладняе Цімафей Акудовіч.

Сёлета афіцыйная святочная праграма разлічаная на ўсе выходныя: у суботу для жыхароў і гасцей сталіцы зладзілі Міжнародны алімпійскі дзень, а ў нядзелю запрашаюць на Менскі паўмарафон.

«Раней я ўдзельнічала ў гэтых мерапрыемствах, аднойчы мяне запрашала Федэрацыя на баскетбольны івэнт падчас гэтага Алімпійскага дня. Было класна: я стасавалася з людзьмі, мы гулялі там у баскетбол. Але цяпер праз тое, што адбываецца ў краіне, праз колькасць палітвязняў, вайну ва Украіне я не ўяўляю, як бы я там удзельнічала», – лічыць беларуская баскетбалістка Кацярына Сныціна.

Як сведчыць апытанне, праведзенае на тэлеграм-канале «Еўрарадыё», больш за палову рэспандэнтаў не бяруць удзелу ў афіцыйных імпрэзах з нагоды Дня гораду. Мы ж запыталі нашых чытачоў, за што яны любяць Менск, і вось якія адказы атрымалі:

«На маіх вачах рос і развіваўся горад: з невялікага і барачнага тыпу ператварыўся ў горад-прыгажун з развітаю прамысловасцю».

«Менск – нашая сталіца. Утульны, сонечны, спакойны. А вось з Мінскам у нас неяк цяжэй…»

«Асабліва люблю яго за перыяд 2012-2020 гадоў, калі Менск быў сапраўднаю сталіцаю крэатыву, моцных урбаністычных трэндаў, нацыянальна арыентаваных ініцыятываў. Ну, і за неверагодны 2020 год, канечне. Упэўнены, Менск паўстане з попелу яшчэ прыгажэйшым».

Зялёныя зоны, прасторныя вуліцы – гэтыя і шэраг іншых дасягненняў Менску адзначае аналітык Андрэй Лаўрухін:

«Па інфраструктуры – гэта развіты горад, мы маем на ўвазе транспартную інфраструктуру. Дарэчы, службы дзяржаўныя працуюць добра, у прынцыпе, няма такіх вось праблемаў. І яшчэ грамадзяне – яны застаюцца добразычлівымі нягледзячы ні на што».

Апроч таго, аналітыка Андрэя Лаўрухіна Менск вабіць сваёй гісторыяй. Маўляў, у горадзе шмат месцаў, звязаных з вельмі важнымі грамадска-палітычнымі падзеямі, якія адбываліся ў 2020 годзе і раней. Што таксама робіць горад прывабным і цікавым… З іншага боку, менавіта праз масавы пераслед з палітычных прычынаў беларусы бягуць з краіны. Паводле афіцыйнай статыстыкі, насельніцтва Менску за 2021 год зменшылася на 13 тысячаў чалавек. Сярод тых, хто выехаў адразу пасля пратэстаў, і баскетбалістка Кацярына Сныціна:

«Я сябе там адчуваю як дома. Гэта горад, дзе я ведаю ўсіх, дзе мне вядомыя мае вуліцы, я люблю па іх гуляць, ездзіць і гэтак далей. Свабодных і вольных людзей – толькі гэтага ў Менску не хапае. Там ёсць усё для жыцця, для развіцця. Там толькі даць свабоду – і людзі вернуцца».

Хацелася б верыць, што Менск, як і ўся Беларусь, у сувязі з сучаснай палітыкаю Лукашэнкі не стане ізаляванаю выспаю.

Вольга Васільева, «Белсат»