3 гады гвалту, што трывае да сёння


Жах, роспач, боль. І не толькі фізічны. Тры гады, як беларусы жывуць у новай рэчаіснасці гвалту. У гэты дзень у 2020-м з-за муроў Акрэсціна выйшлі першыя затрыманыя. Кадры жудасных слядоў збіцця абляцелі свет. Гэта была вайна з уласным народам, які адважыўся сказаць «не» падробленым вынікам выбараў. І пасля гэтага Беларусь ужо не будзе той самай.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

За першыя тры дні пратэстаў толькі афіцыйны лік затрыманых, паводле МУС, перасягнуў тысячу асобаў. Дзе трымалі тых, хто выйшаў на пратэст, не паведамлялі ні сваякам, ні праваабаронцам, ні адвакатам.

«Я думаю, што многіх зачапіла не фальшывыя лічбы на выбарах, а тое, што сілавікі пачалі вось так страшна мясіць беларусаў. Гэта было проста на псіхалагічным узроўні, а не палітычным. Людзі вырашылі, што так нельга», – заявіў палітычны аглядальнік праекту «Рozirkonline» Аляксандр Класкоўскі.

Перапоўненыя камеры, адсутнасць ежы і збіццё. Пра гэта апавядалі тыя, хто прайшоў праз Акрэсціна. З’явіліся і фота- ды відэасведчанні здзекаў у дворыку ізалятару. Пад сценамі Акрэсціна беларусы зарганізавалі намётавае мястэчка. Валанцёры складалі спісы затрыманых, дапамагалі правільна складаць перадачы. Кіроўцы бясплатна развозілі вызваленых дадому.

«Прыйшло вельмі шмат проста неабыякавых менчукоў.Ды не толькі з Менску прыязджалі з дапамогай. Прывозілі ежу, генератары, коўдры. Хто што мог», – узгадаў валанцёр Зміцер.

Першыя затрыманыя падчас мірных пратэстаў пачынаюць выходзць з ЦІП на Акрэсціна. Паводле афіцыйных дадзеных, усяго падчас мірных пікетаў было затрымана каля 6 тыс. асобаў. Валанцёры склалі спіс тых, пра каго яны змаглі даведацца. У спісе на момант публікацыі здымкаў было болей за 2,5 тыс. асобаў. Валанцёры просяць людзей пад’язджаць на машынах, каб развезці людзей па дамах. Затрыманыя выходзяць без дакументаў, тэлефонаў, грошаў. Менск, Беларусь. 13 жніўня 2020 года.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

Нялюдская жорсткасць сілавікоў прывяла да новай хвалі пратэстаў – ужо супраць ґвалту. Свой голас заявілі жанчыны: маці, жонкі, дочкі і сёстры збітых мужчынаў.

«Гэта шакавала і абурыла так, што гвалт стаў новым імпульсам. Цяпер тыя пратэсты сталі сакральнай з’явай, але, кладучы руку на сэрца, я думаю, што калі б улады настолькі не перагнулі кій з гэтай жорсткасцю, то пратэстаў такога маштабу магло б не быць», – дадаў Аляксандр Класкоўскі.

Гвалт 2020-га – важны досвед для ўсіх беларусаў. Яго важна пераасэнсаваць і зрабіць рэсурсам для далейшай перамогі, мяркуе сацыёлаг Маргарыта Тарайкевіч.

«Гэта беларускаму грамадству дало “падзеленае веданне” – народ хацеў бы змены рэжыму. І гэта выдатна ў нас ведаюць усе. І я лічу, што ў гэтым пры ўсіх жахах нам гістарычна вельмі пашанцавала», – падкрэсліла Маргарыта Тарайкевіч.

Рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца дагэтуль. Паводле «Вясны», з палітычных матываў за кратамі трымаюць амаль паўтары тысячы асобаў. Каманда Паўла Латушкі і Абʼяднаны пераходны кабінет працуюць над тым, каб вінаватыя ў ґвалце быль пакараныя.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»