Украіна расследуе больш за 16 тысяч крымінальных справаў аб вайсковых злачынствах з боку Расеі


Целы безыменных, знявечаных да непазнавальнасці салдат запасяцца ў моргах па ўсёй Украіне. 7200 вайскоўцаў і 2000 грамадзянскіх асобаў з пачатку вайны патрапілі ў спіс зніклых без вестак. Большасць вайскоўцаў, паводле ўпаўнаважанага Алега Кацянко, знаходзяцца ў палоне. Але некаторыя з іх, верагодна, загінулі. Якім чынам вядзецца пошук зніклых?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Луцк. Сем’і зніклых без вестак падчас вайны шукаюць блізкіх на вуліцах з фотаздымкамі ў руках.

«Гэта мой брат, у яго ёсць жонка і дзеці. Армейскае камандаванне не ведае, што з ім здарылася. Тут 5 сем’яў, але ёсць яшчэ 42, у якіх падобная сітуацыя», – паказвае фота Іванна Дзяк.

«Самае страшнае – гэта не мець ніякай інфармацыі. Я думаю пра свайго сына кожнае імгненне – калі ем і калі сплю… Цікава, што з ім. Гэта зводзіць мяне з розуму. Я б выбрала, каб ён быў параненым у больніцы або трапіў у палон да расейцаў. Я проста хачу ведаць, ці жывы ён», – плача Наталля Гузар.

Жанчыны спадзяюцца на лепшае. І баяцца горшага.

Штодня невялікая лабараторыя на ўскраіне Кіева прымае ад сем’яў зніклых сотні ўзораў ДНК. Эксперты перагружаныя працай. Супадаюць ад трох да дзесяці адсоткаў вынікаў.

«Тут мы аналізуем ДНК, узятую з костак памерлых, а тут супастаўляем з атрыманымі ад сем’яў узорамі, каб знайсці магчымыя супадзенні. Мы ведаем, што сем’і баяцца нашага званка з паведамленнем, што такое супадзенне знойдзенае. Ім лепей захоўваць надзею на тое, што зніклы, напрыклад, у палоне і аднойчы ён вернецца жывым», – кажа дырэктар лабараторыі ДНК Руслан Абасаў.

Праца ў апазнанні целаў прасоўваецца павольна, таму моргі Украіны перапоўненыя чорнымі пакетамі. Сярод забітых – салдаты і добраахвотнікі абедзвюх арміяў і цывільныя ўкраінцы.

Акрамя таго, ва Украіне вядуць судова-балістычныя даследаванні. Сабраная расейская зброя і боепрыпасы старанна вывучаюцца.

«ДНК стралка здабываецца з расейскай зброі. Аналізуецца калібр боепрыпасаў, знойдзеных у ахвяраў. Мы робім скрыжаваныя спасылкі на гэтую інфармацыю. Спрабуем такім чынам апазнаць не толькі загінулых, але і тых, хто забіваў», – тлумачыць дырэктар лабараторыі балістыкі Раман Краўчанка.

Вынікі такога тэсту могуць стаць важкім для суда доказам здзейсненага злачынства. Ваенныя злачынствы расейскіх войскаў у ваколіцах Кіева ды ў іншых рэгіёнах Украіны расследуюць, разам з украінскім бокам, спецыялісты з усяго свету. Гэта дае спадзеў, што хоць нейкая частка крымінальных справаў трапіць пасля ў Міжнародны крымінальны суд.

Юлія Цяльпук, «Белсат»