Паўлу Белавусу прысудзілі 13 гадоў калоніі


13 гадоў калоніі. У Менскім гарадскім судзе агучылі прысуд палітзняволенаму культурніцкаму менеджару Паўлу Белавусу. Драконаўскі вырак вынесла лукашэнкаўская суддзя Жанна Брысіна.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, стварэнне экстрэмісцкага фармавання і здрада дзяржаве. Вінаватым у гэтых злачынствах рэжым прызначыў заснавальніка крамы «Symbal.by» Паўла Белавуса. Пакаранне – 13 гадоў калоніі.

«Насаліў ён тым, што распаўсюджваў сапраўдную шчырую несавецкую беларускасць. Беларускую беларускасць. Дні вышыванкі і святы, якія ладзіў Паша, – гэта проста неверагодны дар для культуры Беларусі. І за гэта яму помсцяць», – кажа сябар Паўла Белавуса музыка Пётр Клюеў.

Беларуская Беларусь. Гэтай ідэі Павел Белавус прысвяціў шмат гадоў: развіваў культурніцкія праекты, стаяў ля вытокаў пляцоўкі «Арт Сядзіба», дзе выступалі беларускія творцы, арганізоўваў гучныя імпрэзы і канцэрты. Дзень вышыванкі ў 2014 годзе, святкаванне стагоддзя БНР, «Мова-Фэст». Апроч таго, адчыніў краму тавараў з нацыянальнаю сімволікаю «Symbal.by».

«Тады ўлады ставілася да гэтага або нейтральная, або крыху пазітыўна, але праз вельмі кароткі час, як у беларускай гісторыі бывае, гэтыя людзі, людзі-будзіцелі, людзі, якія нясуць нешта выдатнае, класнае, пазітыўнае, яны аказваюцца вінаватымі», – распавёў прадстаўнік БАЖ Барыс Гарэцкі.

Нямала для папулярызацыі беларускай культуры зрабіў і гомельскі журналіст і краязнаўца Яўген Меркіс. Сёння ў Гомлі над ім распачаўся судовы працэс. Вінавацяць у спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці. Пагражае Яўгену да шасці гадоў зняволення. Суддзя – Аляксей Хлышчанкоў.

«Магчыма, быў нейкі спадзеў адысці ад журналістыкі і тым самым застацца на волі і не з‘язджаць з Беларусі. Але мы бачым, што ўлады пераследуюць усіх, хто штосьці рабіў для выданняў, працаваў у 20-м годзе ці раней, цяпер яны ўсе пад прыцэлам», – лічыць Гарэцкі.

90 дзён як няма інфармацыі пра Міколу Статкевіча. Асуджаны на чатырнаццаць гадоў палітык адбывае пакаранне ў глыбоцкай калоніі. За гэты час у Статкевіча было 23 спагнанні. Прынамсі 9 разоў яго кідалі ў штрафны ізалятар – на тэрміны ад 7 да 10 дзён. У зняволенні палітвязень двойчы перахварэў на ковід. Жонка Міколы Марына Адамовіч напісала ў «Фэйсбуку», што амаль тры месяцы не мае ад мужа навінаў.

«90 бясконцых дзён… 1085 дзён за кратамі. Хутка тры гады. Як ім там жывецца? Сумленне не муляе? P. S.: Звярталася, пісала, ездзіла на прыём», – піша Марына.

Больш за два тыдні няма ніякай інфармацыі пра стан Віктара Бабарыкі. Не вядома таксама, дзе ён. У красавіку з’явілася інфармацыя, што палітзняволенага з пнеўматораксам і слядамі збіцця даставілі ў гарадскі шпіталь Наваполацку. Што далей – рэжым маўчыць.

«На жаль, такая практыка мае месца быць, калі людзей у зняволенні, палітвязняў, іншых зняволеных ізалююць ад знешняга свету і інфармацыя ад іх не прыходзіць. Такія дзеянні кваліфікуюцца як катаванні», – распавёў праваабаронца «Human Rights Impact» Раман Кісляк.

Тым часам Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю, якая заклікае спыніць катаванні ў дачыненні Віктара Бабарыкі ды іншых беларускіх палітвязняў, а таксама тэрмінова іх вызваліць.

Святлана Кубрак, «Белсат»